Адкрыты Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па фехтаванні

З 23 па 29 красавіка 2018 года ў Мінску праходзіў Адкрыты Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па фехтаванні.

Спартыўнае фехтаванне – адзін з пяці відаў спорту, якія ўваходзяць у праграму ўсіх Алімпійскіх гульняў сучаснасці. Фехтаванне на рапірах з’явілася ў праграме Алімпійскіх гульняў 1896 года. У праграму Алімпійскіх гульняў 1900 года ўваходзіла фехтаванне ўжо ва ўсіх трох відах зброі: на рапірах, на шаблях і на шпагах. Зараз спаборніцтвы праводзяцца сярод асобных фехтавальшчыкаў і сярод каманд.

Галоўная мэта ў фехтаванні – нанесці ўкол або ўдар саперніку. Перамога прысуджаецца таму, хто першым нанясе пэўную колькасць уколаў або большую іх колькасць за пэўны час. У камандных спаборніцтвах бой таксама праводзіцца паміж двума фехтавальшчыкамі. Кожны член каманды праводзіць свой паядынак, вынікі сумуюцца. Пераможцам лічыцца каманда, якія зрабіла большую колькасць уколаў.

Па выніках шасці дзён барацьбы нашы студэнты-спартсмены занялі наступныя месцы:

  • І месца ў камандным заліку (фехтаванне на рапірах) заняў студэнт 3-га курса факультэта фізічнага выхавання Пушкарэвіч Дзмітрый;
  • II месца ў камандным заліку (фехтаванне на шпагах) заняла студэнтка 2-га курса факультэта фізічнага выхавання Піліпчук Вольга;
  • II месца ў камандным заліку, II месца сярод жанчын (фехтаванне на шаблях) заняла студэнтка 3-га курса факультэта фізічнага выхавання Ганна Іванішчанка;
  • III месца ў камандным заліку (фехтаванне на рапірах) заняў студэнт 1-га курса факультэта фізічнага выхавання Крэсцін Аляксей.

Прыемна ўсведамляць, што ў нас вучацца не толькі юнакі-фехтавальшчыкі, але і, на першы погляд, кволыя дзяўчаты, якія валодаюць такой грознай зброяй. Пажадаем жа ім усім далейшых яркіх поспехаў і спартыўных перамог!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: