Арыенцір на поспех

5 красавіка ў рамках фестывалю студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна – 2017» адбыўся другі агульнаўніверсітэцкі Парад студэнцкай моладзі БрДУ імя А.С. Пушкіна. Яго дэвізам зноў сталі словы «Наш арыенцір: ВЯСНА – СТУДЭНЦТВА – ПОСПЕХ!». У парадзе прынялі ўдзел валанцёры, замежныя навучэнцы, лідары студэнцкага самакіравання, актывісты прафсаюза і ПА ГА «БРСМ», а таксама выкладчыкі факультэтаў, кіраўніцтва ўніверсітэта і горада.

Шэсце калоны пачалося ля ганка корпуса № 1 універсітэта і разгарнулася на вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь». Настрой параду задаваў Брэсцкі гарадскі духавы аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля. На пляцоўцы перад кінатэатрам студэнты розных факультэтаў выканалі флэш-моб, пасля чаго з прывітальным словам выступіла рэктар універсітэта Ганна Мікалаеўна Сендзер. Яна пажадала студэнтам заўсёды заставацца мэтанакіраванымі, жыццярадаснымі, пазітыўнымі і крэатыўнымі. З цёплымі словамі на адрас універсітэта выступіў першы сакратар абкама ГА «БРСМ» Віктар Іваноў. Старшыня Савета студэнцкага самакіравання Сняжана Бадунец ад студэнцкай моладзі падзякавала кіраўніцтву ўніверсітэта за шырокія магчымасці для творчасці.

Удзельнікі парада выказалі ўпэўненасць, што ён стаў візітнай карткай не толькі фестывалю «Студэнцкая вясна», але і ўсяго ўніверсітэта, бо гэтае мерапрыемства гуртуе моладзь і арыентуе яе на актыўнае рашэнне важных задач.

Завяршыўся парад святочнай канцэртнай праграмай, падрыхтаванай студэнцкім клубам. Кацярына Граноўская, Васіліна Буцкевіч, Андрэй Пракапчук і Ксенія Пухнарэвіч, а таксама вакальнае трыа «Рух» і студыя эстрадных спеваў «Ступені» падарылі ўдзельнікам шэсця свае музычныя кампазіцыі.

Юлія Воўк

Падзяліцца: