Дзень адчыненых дзвярэй-2017

Суботні дзень 1 красавіка парадаваў многіх маладых людзей і іх бацькоў не толькі добрым надвор’ем, але і прыемнай нагодай – Днём адчыненых дзвярэй. Кожны мог атрымаць адказы на самыя розныя пытанні, звязаныя з паступленнем у наш універсітэт.

Хол трэцяга паверха галоўнага корпуса ветліва прыняў усіх, хто пажадаў стаць удзельнікам Кірмашу спецыяльнасцей. Кожны факультэт падрыхтаваў азнаямляльныя стэнды і буклеты, студэнты былі гатовы расказаць пра перавагі навучання на тым ці іншым факультэце.

Абітурыенты актыўна задавалі пытанні пра спецыяльнасці, цікавіліся перспектывамі працаўладкавання. Асабліва ажыўлены дыялог меў месца каля стэнда псіхолага-педагагічнага факультэта. Не сканчаўся паток пытанняў і да дэкана факультэта замежных моў. Вялікай папулярнасцю сярод абітурыентаў карыстаўся імправізаваны хэштэг #BRESTFFV, падрыхтаваны факультэтам фізічнага выхавання.

Затым абітурыенты і іх бацькі адправіліся на сустрэчу з кіраўніцтвам універсітэта. Рэктар Ганна Мікалаеўна Сендзер прадставіла прарэктараў і дэканаў. Кіраўнік універсітэта падкрэсліла, што БрДУ – найстарэйшая вышэйшая навучальная ўстанова, цэнтр навуковых даследаванняў і культурна-асветніцкага жыцця Брэстчыны, у якім студэнты маюць выдатную магчымасць рэалізаваць усе свае рознабаковыя здольнасці.

«Мы шчыра рады таму, што так многа маладых людзей выбралі менавіта наш універсітэт, бо сёння і ў іншых універсітэтах краіны праходзяць падобныя мерапрыемствы. Прыемна, што ўступная кампанія будзе праходзіць у знакавы для БрДУ год, калі мы атрымалі Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці», – падзялілася сваімі ўражаннямі Ганна Мікалаеўна. Таксама рэктар пажадала ўсім абітурыентам паспяховага выбару прафесіі і поспехаў на ўступных іспытах.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Дзмітрый Уладзіміравіч Грыцук расказаў пра ўсе этапы, якія павінен прайсці абітурыент, што жадае стаць студэнтам БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Завяршыў сустрэчу цудоўны канцэрт, падрыхтаваны студэнцкім клубам універсітэта.

Сваімі ўражаннямі ад Дня адчыненых дзвярэй падзяліліся госці.

Вераніка: «Я збіраюся паступаць на юрыдычны факультэт. Аб правядзенні Дня адчыненых дзвярэй даведалася з ліста, які мне даслалі пасля ўдзелу ў алімпіядзе па грамадазнаўстве. Мне ўсё спадабалася, думаю, што буду паступаць менавіта ў БрДУ, а буклет захаваю на памяць аб сённяшнім мерапрыемстве».

Ніна: «Настрой выдатны, бо я атрымала адказы на пытанні пра сам працэс вучобы. Сёння было вельмі шмат карыснай інфармацыі. Дзякуй за такі Дзень адчыненых дзвярэй».

Анастасія і Кацярына таксама не адмовіліся ад міні-каментарыя: «Прыйшлі сёння, каб больш даведацца пра паступленне. Нас цікавіў факультэт замежных моў. Атрымалі адказы на ўсе пытанні. Запомнілася і канцэртная праграма, падрыхтаваная на канец сустрэчы».

Дэталёвае знаёмства з універсітэтам прадоўжылася на факультэтах.

Такія мерапрыемствы – выдатны шанс для абітурыентаў атрымаць карысную інфармацыю, што мае адносіны да паступлення і навучання, а таксама прыняць рашэнне аб сваёй прафесійнай будучыні.

Тэкст Крысціны Пратасавіцкай і Ірыны Бацвіной

Падзяліцца: