Літаратурная творчасць: жывое беларускае слова, майстар-класы і абмен вопытам

Першае Рэспубліканскае метадычнае мерапрыемства і творчая сустрэча кіраўнікоў і студэнтаў-удзельнікаў літаратурных аб’яднанняў «Выхаваўчыя магчымасці літаратурнага жанру ў рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнтаў» адбылася ў нашым універсітэце 20–21 лютага. На свята «Ад прадзедаў спакон вякоў...» прыехала каля дзесяці дэлегацый з вышэйшых навучальных устаноў краіны: Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Арганізатары мерапрыемства – Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі і БрДУ імя А.С. Пушкіна – у гэты дзень таксама адкрылі Рэспубліканскую выставу візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці».

Старт мерапрыемству далі прарэктар па выхаваўчай працы БрДУ Таццяна Сакалова і загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч.

Таццяна Васільеўна адзначыла, што мерапрыемства аб’яднала навучэнцаў з усіх куткоў Беларусі. «Прыемна, што многія з прадстаўнікоў студэнцтва з’яўляюцца членамі літаратурных студый і сваёй творчасцю ўмацоўваюць традыцыі беларускай літаратуры, закладзеныя вядомымі мастакамі слова», – сказала яна. Гэтай думкі прытрымліваецца і Алена Сяргееўна. «Прыемна, што ў рамках метадычнага мерапрыемствы злучыліся літаратурная і мастацкая творчасць, яна ж шматгранная», – адзначыла арганізатар. Затым Алена Лаўрыновіч і Таццяна Сакалова перарэзалі чырвоную стужку.

Творчыя выступленні студэнтаў нашага ўніверсітэта і прэзентацыя дапамаглі ўдзельнікам мерапрыемства здзейсніць падарожжа па маляўнічых месцах Брэстчыны. Народныя песні і танцы, вершы вядомых беларускіх паэтаў – усё гэта наша нацыянальнае багацце, здабытак, наш гонар.

Затым госці прынялі ўдзел у інтэрактыўнай пляцоўцы «Гуканне вясны». У старажытнасці лічылася, каб наблізіць вясну, трэба шмат весяліцца: спяваць, гуляць і танцаваць. Студэнтам была дадзена магчымасць вадзіць сонечны карагод і ўпрыгожыць дрэва дэкаратыўнымі птушкамі-жаданнямі.

Адной з самых масавых стала навукова-метадычная секцыя «Актуальныя формы псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзейнасці творчых аб’яднанняў студэнцкай моладзі». На ёй выступілі многія выкладчыкі БрДУ: Лена Леванцэвіч (загадчык кафедры беларускай філалогіі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт), Інга Матыцына (загадчык кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт), Алена Марчанка (дацэнт кафедры псіхалогіі развіцця, кандыдат псіхалагічных навук) і Іна Цярковіч (педагог сацыяльны аддзела выхаваўчай працы з моладдзю).

«Палітра педагагічнага і творчага вопыту» стала пляцоўкай для абмену вопытам. Кіраўнікі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, літаратурных клубаў і аб’яднанняў, іншыя выступоўцы падзяліліся сваімі сакрэтамі педагагічнага майстэрства і творчым падыходам да працы.

Падчас «Літ-чыткі» былі літаратурныя чытанні, творчыя паказы і выступленні студэнтаў-аўтараў і іх педагогаў. Кожны паказаў сябе яркай індывідуальнасцю, надзеленай майстэрскім валоданнем голасам, пераўвасабленнем, эмацыйнасцю. А аб’яднала усіх галоўнае – любоў да роднай зямлі, малой радзімы.

Папярэднічала насычанай працы цікавая экскурсія ў Зімовы сад БрДУ.

21 лютага для гасцей нашага ўніверсітэта была праведзена азнаямляльная экскурсія з інфраструктурай БрДУ. Прадстаўнікі ўніверсітэтаў наведалі адукацыйна-асветніцкі цэнтр імя У.А. Калесніка, Рускі цэнтр, студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю «Фалькларыстыка і краязнаўства» і іншыя цэнтры, які функцыянуюць у БрДУ.

Цікавай і пазнавальнай стала сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» Святланай Воцінавай, якая падрабязна расказала пра тое, што такое жанр і якія асаблівасці пабудовы тэксту ў адпаведнасці з ім.

На адкрытай прафесійнай пляцоўцы «Творчасць і асоба аўтара / аўтарская індывідуальнасць» кіраўнікі літаратурных аб’яднанняў і студэнты выступілі з майстар-класамі. Папулярызацыя беларускай культуры і паэзіі ў моладзевым асяроддзі, эмацыйныя асаблівасці дэкламацыі лірычных твораў – тэмы, якія былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства.

Шмат каму прыйшлося па душы выступленне студэнтаў філалагічнага факультэта БрДУ Вікторыі Паўлючэнкі і Уладзіслава Шпарло. Яны выступілі з прэзентацыяй аб тым, якое месца ў жыцці моладзі займае нацыянальная культура. Студэнты падзяліліся вынікамі даследавання гандлёвых кропак, СМІ, сацыяльных сетак, вонкавай рэкламы і інш., што актыўна выкарыстоўваюць беларускую мову.

Завяршэннем рэспубліканскага метадычнага мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў і ўручэнне ўдзельнікам сертыфікатаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы да ўдзельнікаў звярнулася Таццяна Сакалова, якая падзякавала ўсім за плённую працу і за любоў да слова, літаратуры, творчасці – усяго таго, што ўзбагачае чалавека духоўна. Алена Лаўрыновіч выказала надзею на далейшае цёплае супрацоўніцтва. «Я вельмі рада, што наша цудоўнае мерапрыемства адбылося ў Міжнародны дзень роднай мовы, бо мова аб’ядноўвае народ», – падагульніла Алена Лаўрыновіч.

Форум, які сабраў сотні студэнтаў, паказаў, што моладзь ведае пра важнасць роднага беларускага слова, яго сілу, ставіцца да яго з любоўю і трапятаннем. Пакуль маладое пакаленне беражэ яго – родная мова застанецца ўстойлівай і актуальнай.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: