Мерапрыемствы памяці ахвяр Халакосту, прымеркаваныя да 75-годдзя знішчэння Брэсцкага гета

13-16 кастрычніка 2017 года кафедрай усеагульнай гісторыі пры ўдзеле Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў Мінску і Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага быў праведзены цыкл мерапрыемстваў памяці ахвяр Халакосту, прымеркаваны да 75-годдзя знішчэння Брэсцкага гета.

Мэта мерапрыемстваў заключаецца ў захаванні памяці пра трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, выхаванні пачуцця спагады да ахвяр Халакосту, недапушчэнні нацызму і расавай дыскрымінацыі, павышэнні цікавасці студэнтаў і школьнікаў да вывучэння гісторыі Беларусі ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі. Адной з задач мерапрыемстваў з’яўляецца садзейнічанне фарміраванню культуры памяці ў маладога пакалення. Праведзеныя мерапрыемствы актуальныя ў сувязі з 75-годдзем знішчэння Брэсцкага гета, а таксама надыходным 1000-годдзем горада Брэста.

13 і 14 кастрычніка ў чытальнай зале бібліятэкі БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбыліся публічныя гутаркі з Габрыэлем Хаймам, бабуля якога, Марыя Вінтэр, 24 чэрвеня 1942 гада была дэпартавана з Берліна ў Трасцянец і забіта ва ўрочышчы Благаўшчына. Пасля смерці сваёй маці Габрыэль Хайм знайшоў схаваныя кардонныя скрынкі з лістамі бабулі. З іх Габрыэль даведаўся пра жыццё ў Берліне ў перыяд нацызму і яе дэпартацыю ў Мінск. Больш падрабязна з трагедыяй можна пазнаёміцца, наведаўшы перасоўную выставу «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць», якая будзе даступная да 17 снежня 2017 года ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».

Па ініцыятыве кафедры ўсеагульнай гісторыі 16 кастрычніка прайшоў гарадскі навукова-асветніцкі семінар, прысвечаны 75-годдзю знішчэння Брэсцкага гета. У 1942 годзе ў перыяд з 15 кастрычніка па 18 кастрычніка Брэсцкае гета, у якім на той момант налічвалася па некаторых дадзеных больш за 17000 чалавек, было цалкам знішчана.

На семінары перад студэнтамі, школьнікамі, работнікамі бібліятэкі і жыхарамі горада выступілі загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі А.І. Пашковіч, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі Я.С. Разенблат, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Вабішчэвіч, загадчык кафедры гісторыі Беларусі У.В. Здановіч, а таксама іншыя гісторыкі і прадстаўнікі грамадскасці горада Брэста (дырэктар Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Г.Г. Карапузава, гісторык І.І. Ваўранюк, экс-старшыня праўлення Брэсцкага гарадскога яўрэйскага грамадскага аб’яднання «Брыск» Б.М. Брук і інш.). У сваіх выступленнях яны гаварылі пра багатую шматвяковую гісторыю і культуру яўрэяў Брэста, пра жыццё ў перыяд акупацыі, пра трагічнае яе завяршэнне ў кастрычніку 1942 года. Адной з праблем, якая абмяркоўвалася на семінары, была неабходнасць стварэння месцаў памяці аб яўрэйскай суполцы ў сацыякультурнай прасторы Брэста.

Удзельнікам семінара былі прадэманстраваны фрагменты дакументальнага фільма пра Брэсцкае гета, знятага ў 1994 годзе (рэжысура і сцэнарый І. Місявічуса, А. Яковіч і І. Альтмана). Семінар суправаджаўся выставай кнігадрукаваных выданняў бібліятэкі і архіўных дакументаў з фондаў ДАБВ, прысвечаных нацысцкай акупацыі Брэста, і выставай па гісторыі яўрэйскай абшчыны Брэста, прадстаўленай БГЯГА «Брыск». Адбылася прэзентацыя аўдыёспектакля праекта Brest Stories Guide, прысвечанага антысемітызму і знішчэнню брэсцкай яўрэйскай абшчыны ў 1941-1942 гадах.

Мерапрыемствы наведалі больш за 100 чалавек – студэнты гістарычнага факультэта, навучэнцы САШ № 8 і № 16 г. Брэста, жыхары горада.

Кафедра ўсеагульнай гісторыі

Падзяліцца: