Міжфакультэцкія Дні моладзевай творчасці «Наш Пушкін»

З 19 па 28 кастрычніка 2017 года кафедра агульнага і рускага мовазнаўства праводзіла міжфакультэцкія Дні моладзевай творчасці «Наш Пушкін». У гэтым годзе праграма Дзён была вельмі насычанай: яна мела 14 мерапрыемстваў, мэтай якіх было ўзбагачэнне ведаў студэнтаў пра Пушкіна, яго творчасць, яго сусветную вядомасць, пашырэнне літаратурнай эрудыцыі будучых славеснікаў (і не толькі!), а таксама дэманстрацыя разнастайных формаў пазакласнай працы з навучэнцамі. У Днях моладзевай творчасці прынялі ўдзел студэнты васьмі факультэтаў, чаму мы вельмі рады.

19 кастрычніка (у Дзень ліцэя) студэнты 2 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасцей «Руская філалогія» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» сустрэліся ў літаратурнай гасцёўні «Празднует лицей свою святую годовщину» (арганізатар – дацэнт В.А. Фелькіна). Замежныя студэнты чыталі вершы А.С. Пушкіна, прысвечаныя ліцэю, а таксама вершы пра восень. «Нам целый мир чужбина, Отечество нам – Царское Село!» – паэт трапятліва ўспамінаў ліцэйскія гады ўсё жыццё і прысвяціў дню адкрыцця ліцэя некалькі вершаў, а восень лічыў сваёй любімай парой года: «И каждой осенью я расцветаю вновь!»

Знаёмства студэнтаў з асобай і творчай спадчынай паэта працягвалася ў літаратурна-музычнай гасцёўні «Ай да Пушкін...» (арганізатары – дацэнт Л.А. Гадуйка, дацэнт кафедры рускай літаратуры і журналістыкі Л.М. Садко). У размову пра Аляксандра Сяргеевіча ўключыліся і выкладчыкі, і студэнты-філолагі 1 і 3 курсаў спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)». Альфія Амірава расказала пра дзіцячыя гады будучага «сонца рускай паэзіі». Ірына Шлойда «акунула» ўсіх у атмасферу Царскасельскага ліцэя, дзе вучыўся Саша Пушкін. Вадзім Пукала намаляваў партрэт Наталлі Ганчаровай радкамі і цытатамі з лістоў яе вядомага мужа, які быў гатовы пайсці на ўсё дзеля сваёй каханай жонкі. Паліна Беразнёва звярнулася да спраўджаных прароцтваў пра трагічны лёс вялікага паэта.

Цікавасць студэнтаў выклікалі і відэаролікі, аўтары якіх зноў і зноў звяртаюцца да творчасці А.С. Пушкіна і яго магутнай, неардынарнай асобы. Асаблівае ўражанне на іх зрабілі відэасюжэты, створаныя для конкурсу арт-выказванняў «Залатая восень А.С. Пушкіна – 2017» (праект рэалізаваны кафедрай рускай літаратуры і журналістыкі).

23 кастрычніка прайшла віктарына «Латынь из моды вышла ныне?» для студэнтаў 1 курса факультэта замежных моў (арганізатар – дацэнт В.А. Фелькіна). Лацінскія фразеалагізмы і цэлыя выказванні, вобразы старажытнарымскіх паэтаў і гістарычных дзеячаў часта сустракаюцца ў творах А.С. Пушкіна. Каманды «Astra», «Вясёлыя рабяты», «Scientia» і «Арына Радзівонаўна» спрабавалі зразумець сэнс лацінскіх выразаў, спасцігнуць сімволіку рымскай паэзіі.

25 кастрычніка адбылася інтэлектуальная гульня «Что в имени тебе моём?» (арганізатар – дацэнт С.А. Каралевіч). У «бітве розуму» змагаліся студэнты 2 і 3 курсаў філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Руская філалогія». Найбольш дасведчанымі ў біяграфіі і творчасці вялікага паэта, імя якога носіць наш універсітэт, стала каманда 2 курса «Каралевічы». Яны і сталі пераможцамі гульні.

26 кастрычніка ў інтэрнаце № 2 прайшла віктарына для студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта «Что за прелесть эти сказки!» (арганізатары – старшыя выкладчыкі В.А. Караба і Г.А. Верамяюк). Разнастайныя конкурсы ў рэжыме гульні «Што? Дзе? Калі?» дазволілі ўспомніць любімыя з дзяцінства казкі і атрымаць задавальненне ад цытавання вядомых радкоў. Паміж конкурсамі студэнты Віркоўскі Данііл (спецыяльнасць «Руская філалогія», 3 курс) і Карпук Святлана (спецыяльнасць «Руская філалогія», 2 курс) інсцэніравалі урывак з аповесці А.С. Пушкіна «Барышня-крестьянка». У завяршэнне вечара ўсе ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы.

Для замежных студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)», 2 курса юрыдычнага факультэта спецыяльнасці «Бізнес-адміністраванне»і 1 курса факультэта фізічнага выхавання старшым выкладчыкам Г.А. Верамяюк быў арганізаваны прагляд і абмеркаванне навучальнага фільма «А.С. Пушкін» у рамках лінгвакультуралагічнага лекторыя «Асоба ў культуры, літаратуры, мове». Студэнты 2 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» наведалі арганізаваны дацэнтам Т.М. Лянцэвіч кіналекторый «Героі твораў А.С. Пушкіна ў кіно», дзе паглядзелі і абмеркавалі фільм «Анегін».

Праграма Пушкінскіх дзён была насычана і іншымі пазнавальнымі мерапрыемствамі, сярод якіх – конкурс прэзентацый «А.С. Пушкін у сучасным Туркменістане» (арганізатар – старшы выкладчык А.А. Пасохін, удзельнікі – студэнты 2 курса юрыдычнага факультэта) і традыцыйны конкурс-эсэ «Мой Пушкін» сярод студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» (арганізатар – старшы выкладчык В.А. Караба). У гэтыя дні студэнты 3 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Руская філалогія» прынялі ўдзел у конкурсе «Глыбіня пушкінскіх слоў» па лінгвістычным аналізе вершаў А.С. Пушкіна пра прыроду (арганізатар – дацэнт Г.В. Пісарук). І хоць лепшымі на конкурсе былі прызнаны працы Таццяны Лукашэвіч, Паліны Беразнёвай і Таццяны Яцкевіч, але было б неразумна не працытаваць такія цудоўныя радкі, якія нарадзіліся ў Альфіі Аміравай: «"Буря мглою небо кроет…" Чытаючы гэты верш, уяўляеш буру, якая "воет, как зверь" і "плачет, как дитя", і ў гэты момант цябе ахоплівае невытлумачальная туга. Але потым раптам разумею, што бура пройдзе і заўтра наступіць ранак, дзе "под голубыми небесами великолепными коврами" будзе ляжаць снег...» Творчыя працы нашых студэнтаў былі змешчаны ў газеце, прысвечанай вялікаму паэту – А.С. Пушкіну.

У чытальнай зале нашага факультэта ва ўсе Дні моладзевай творчасці працавала выстава кніг Пушкінскай эпохі «Всё волновало нежный ум…» Там гучалі пушкінскія радкі, прыцягвалі ўвагу рэдкія кнігі, гарталіся знаёмыя і незнаёмыя старонкі. Ішлі Пушкінскія урокі...

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: