Мноства дарог – правільная адна: у БрДУ адбыўся адзіны дзень прафарыентацыі

Адзіны дзень прафарыентацыі з мэтай прафесійнага самавызначэння ў гэтым годзе прайшоў на базе нашага ўніверсітэта 5 мая. Традыцыйна яго арганізатарам выступіў Брэсцкі раённы аддзел адукацыі. У Дні прафарыентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў краіны, а таксама навучэнцы 9–11 класаў школ Брэсцкага раёна.

Праграма Дня была насычанай. Мерапрыемства пачалося з выставы «Кірмаш спецыяльнасцей». У холе трэцяга паверха БрДУ імя А.С. Пушкіна размясцілася атрыбутыка нашага ўніверсітэта, а таксама БрДТУ, ГрДУ імя Я. Купалы, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Брэсцкага каледжа сферы абслугоўвання, Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа і Брэсцкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа.

Затым адбылася сустрэча школьнікаў з прадстаўнікамі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Экскурс у гісторыю стварэння ВНУ і ССНУ, спектр спецыяльнасцей, вучэбная дзейнасць, навуковы патэнцыял, творчая і спартыўная дзейнасць, перамогі і дасягненні – усе прадстаўнікі імкнуліся даць дзецям максімальна поўную інфармацыю пра асаблівасці вучобы ў сваіх установах адукацыі, каб дапамагчы абітурыентам правільна зрабіць адзін з самых важных выбараў.

Таксама на сустрэчы шмат увагі было нададзена цэнтралізаванаму тэставанню. Як доўга працягнецца рэгістрацыя на тэсты, калі іх трэба здаваць, як афармляць бланкі адказаў і атрымліваць сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага тэставання – гэтыя пытанні цікавілі рабят больш за ўсё.

Напрыканцы адзінага дня прафарыентацыі навучэнцы школ адзначылі, што мерапрыемства было вельмі карысным, бо на раздарожжы важна выбраць правільную дарогу.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: