Моладзь за здаровы лад жыцця

22 лістапада 2018 года ў нашым універсітэце з удзелам прарэктара па выхаваўчай працы Таццяны Васільеўны Сакаловай прайшоў адкрыты дыялог на тэму «Моладзь за здаровы лад жыцця» ў рамках акцыі «Не марнатраў сваё жыццё!». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі камітэт БРСМ БрДУ імя А.С. Пушкіна і ўпраўленне МНС па г. Брэсце.

Гасцямі мерапрыемства сталі: Ігар Валер’евіч Саюк – кіраўнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, Кацярына Алегаўна Сегянюк – першы сакратар Брэсцкага гарадскога камітэта саюзнай моладзі, Сяргей Канстанцінавіч Саленік – намеснік кіраўніка Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях і Галіна Сцяпанаўна Стасевіч – загадчык АМА аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Яны расказалі студэнтам, якім чынам кожная з гэтых структур працуе па прафілактыцы і супрацьдзеянні курэнню і алкагалізму, а таксама спыніліся на асноўных прычынах узнікнення і спосабах прадухілення пажаранебяспечных сітуацый. Моладзевыя лідары падзяліліся сваім меркаваннем аб шкодных звычках.

У сваю чаргу студэнты атрымалі магчымасць задаць пытанні, што цікавяць іх. Меры засцярогі, якія неабходна выконваць падчас правядзення навагодніх святаў, прававая аснова абароны правоў насельніцтва, якое не курыць, колькасць пажараў у Брэсце і іх наступствы (за 2018 год нашы агняборцы выехалі больш чым на 80 выклікаў, у якіх загінула 6 чалавек) – вось што цікавіла нашых навучэнцаў больш за ўсё.

Напрыканцы мерапрыемства К.А. Сегянюк заклікала моладзь не быць абыякавымі да сябе, сваіх блізкіх і грамадства, бо аднойчы маленькая заўвага можа выратаваць жыццё!

Максім Азарчук, выконваючы абавязкі сакратара п/а ГА «БРСМ» ўніверсітэта

Падзяліцца: