Практыка студэнтаў-гісторыкаў у Брэсцкай епархіі: ад экскурсій да навукова-багаслоўскага семінара

У перыяд з 6 сакавіка па 1 красавіка 2017 г. студэнты 4 курса спецыяльнасці «Гісторыя (рэлігій)» гістарычнага факультэта праходзілі пераддыпломную практыку ў Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Гэта ажыццяўлялася на падставе дагавора паміж універсітэтам і епархіяй паводле Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гг. і аналагічнай Праграмы супрацоўніцтва Брэсцкага аблвыканкама з Брэсцкай і Пінскай епархіямі.

Кіраўнікамі практыкі былі маладыя і кваліфікаваныя спецыялісты Брэсцкай епархіі, святары г. Брэста – старшыня аддзела па працы з моладдзю, кандыдат багаслоўя Павел Пятровіч Рамановіч, клірык Свята-Мікалаеўскай брацкай Царквы, кандыдат багаслоўя, іерэй Дзмітрый Нагнібеда, старшыня місіянерскага аддзела, клірык Сімяонаўскага кафедральнага сабора, іерэй Павел Юрчэня і клірык таго ж сабора, кандыдат багаслоўя, іерэй Ігар Лапыка.

Для студэнтаў былі арганізаваны сустрэчы са святарамі, экскурсіі па праваслаўных храмах Брэста, дзе яны знаёміліся з іх гісторыяй, знешнім і ўнутраным устройствам, хрысціянскай сімволікай. Вельмі пазнавальнай была экскурсія па пахаваннях на Трышынскіх могілках ХIX стагоддзя, якія цяпер з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння. Студэнты змаглі пабываць нават на званіцы Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы. Таксама было праведзена некалькі гутарак, на якіх абмяркоўваліся актуальныя для студэнтаў пытанні па гісторыі Праваслаўнай Царквы і яе сучасным стане. Студэнтка Вераніка Клімовіч удзельнічала ў Дні праваслаўнай кнігі. Практыканты паглыблялі свае веды па вучэбных дысцыплінах гісторыка-рэлігіязнаўчага профілю, збіралі і аналізавалі матэрыялы для выканання дыпломнай працы па спецыялізацыі. Для студэнтаў пастаянна праводзіліся неабходныя кансультацыі.

Апрабацыя вынікаў студэнцкіх работ адбылася на праведзеным 3 красавіка 2017 г. Рэгіянальным навукова-багаслоўскім семінары «1917–2017 гг.: Вопыт стагоддзя» з удзелам выкладчыкаў, царкоўна- і свяшчэннаслужыцеляў. Гэтае мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі кафедра гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкая епархія, праходзіла ў гістарычным будынку Брэста – у доме 11 на вуліцы Куйбышава, дзе ў 1920–1930-я гг. размяшчалася руская гімназія.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч выступіў з дакладам «Царква, дзяржава, грамадства: узаемаадносіны ў гістарычным кантэксце (1917–2017 гг.)».

Сярод выступленняў студэнтаў-рэлігіязнаўцаў 4 курса варта адзначыць даклады Веранікі Клімовіч (пра протаіерэя Яўгенія Парфенюка), Рамана Чураўскага (аб адраджэнні Патрыяршаства ў 1917–1918 гг.), Арсенія Шчэрбы (аб Палескай епархіі ў 1922–1939 гг.), Марыі Гірыч (пра рэпрэсіі супраць праваслаўнага духавенства ў БССР у 1953–1964 гг.), Гарох Веранікі (пра протаіерэя Міхаіла Тарыму), Віктара Борсука і Дар’і Голуб (аб праваслаўных храмах Брэста ў 1945–1990 гг.), Данііла Навумчыка і Ангеліны Куцко (пра сучасных усходніх неакультаў) і інш.

Пры абмеркаванні дакладаў і ў дыскусіі закраналіся актуальныя пытанні сямейнага выхавання, маралі і этыкі ў паўсядзённым жыцці моладзі.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: