Рэгіянальны навукова-метадычны семінар «Праблемы лінгвадыдактыкі ў святле новай адукацыйнай парадыгмы»

24 сакавіка 2017 года адбыўся чарговы Рэгіянальны навукова-метадычны семінар «Праблемы лінгвадыдактыкі ў святле новай адукацыйнай парадыгмы», які штогод арганізуецца кафедрай агульнага і рускага мовазнаўства. На семінары прысутнічалі больш за 30 настаўнікаў-філолагаў г. Брэста і Брэсцкай вобласці.

У гэтым годзе семінар быў прысвечаны праблеме лінгвістычнага аналізу тэксту на ўроку рускай мовы. Асноўны даклад, які змяшчае тэорыю пытання, зрабіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Міхайлаўна Лянцэвіч. Настаўнік-славеснік ліцэя № 1 г. Брэста Ганна Мікалаеўна Сверба падзялілася сваім багатым вопытам фарміравання ў вучняў профільных (філалагічных) класаў уменняў праводзіць лінгвістычны аналіз тэксту, а таксама метадычнымі праблемамі, звязанымі з гэтым няпростым відам працы. Цікавасць у прысутных выклікала і выступленне настаўніка-філолага Рэчыцкага дзіцячага садка – сярэдняй школы Камянецкага раёна Веры Мікалаеўны Філосаф, якая пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з методыкай частковага аналізу тэксту на ўроку рускай мовы па граматычных тэмах.

Як і ў папярэднія гады, у працы семінара ў ролі выступоўцаў прынялі ўдзел студэнты і вучні. Студэнтка 5 курса Галіна Дземідзюк паказала вынікі дыягнастычнага зрэзу, праведзенага падчас педагагічнай практыкі ў 10-х класах гімназіі № 4 і СШ № 7 г. Брэста. Мэтай зрэзу было вызначэнне ўзроўню ўспрымання дзесяцікласнікамі тэксту рэлігійна-філасофскага зместу (аўтар тэксту – вядомы праваслаўны публіцыст, протаіерэй Андрэй Ткачоў). Вучаніца 11 класа гімназіі № 4 г. Брэста Маргарыта Палюховіч, якая атрымала ў гэтым навучальным годзе на Рэспубліканскай канферэнцыі даследчых работ вучняў па мове і літаратуры Дыплом I ступені, пазнаёміла прысутных з асноўнымі палажэннямі сваёй навуковай працы на тэму «Мастацкі тэкст як феномен культуры: аналіз экстралінгвістычных параметраў верша А.С. Кушнера «Мастак напіша цудоўных дзяцей...» (кіраўнік работы – настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі Т.А. Падута).

Падводзячы вынікі працы семінара, загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Вольга Барысаўна Пераход адзначыла, што лінгвістычны аналіз тэксту ў школьнай праграме па рускай мове для сярэдняй школы, які прадугледжвае фарміраванне ў вучняў уменняў бачыць звязнае выказванне як складаную моўную адзінку, з’яўляецца важным метадычным прыёмам на шляху навучання школьнікаў інтэрпрэтацыі мастацкага тэксту.

На завяршэнне для гасцей-славеснікаў была арганізавана экскурсія па факультэце, выступленне прафарыентацыйнай агітбрыгады і гутарка са студэнтамі – будучымі настаўнікамі-філолагамі.

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: