Спасцігаючы тонкасці будучай прафесіі: у БрДУ прайшоў дзень самакіравання

Які студэнт не марыць хоць раз адчуць сябе ў ролі рэктара, дэкана ці педагога, прымаць рашэнні, чытаць лекцыі для студэнтаў малодшых курсаў і даваць ацэнку іх ведаў? У студэнтаў нашага ўніверсітэта ёсць такая магчымасць: штогод 16 лістапада ў БрДУ праводзіцца дзень самакіравання, адна з мэт якога – дапамагчы студэнцкай моладзі «знутры» спасцігнуць асаблівасці будучай прафесіі.

Пасяджэнне ў дэканатах і рэктараце, прыём па асабістых пытаннях і правядзенне заняткаў – студэнты спаўна адчулі, якая нялёгкая праца работнікаў універсітэта. Развіццё навукова-даследчага патэнцыялу студэнтаў, правядзенне выхаваўчай працы са студэнцкай моладдзю і кантроль за гаспадарчай дзейнасцю ўніверсітэта – такім быў парадак дня дублёраў кіраўніцтва ўніверсітэта.

Правядзенне лекцый, праверка лабараторных работ і дапамога навучэнцам на семінарах – такія задачы вырашаліся дублёрамі выкладчыкаў. Яны грунтоўна рыхтаваліся да заняткаў, стараліся падаваць матэрыял у цікавай форме, даступна тлумачыць, як выконваць заданні, і аб’ектыўна ацэньваць адказы студэнтаў малодшых курсаў. Усё гэта стала неацэнным вопытам для рабят, якія ў хуткім часе стануць кваліфікаванымі педагогамі.

На нарадзе дублёры прадстаўнікоў апарата кіравання і дэканаў абмеркавалі шмат пытанняў, сярод якіх – папулярызацыя інфармацыі аб правядзенні конкурсаў інавацыйных праектаў, аналіз дзейнасці МААП універсітэта, засяленне ў інтэрнаты і іншыя. Па выніках пасяджэння быў падрыхтаваны праект рашэння.

Таксама ў рамках Дня самакіравання адбыліся розныя мерапрыемствы на факультэтах: флэш-мобы, акцыі, выставы, конкурсы, інтэлектуальныя гульні.

Завяршыўся дзень самакіравання выніковым сходам кіраўніцтва ўніверсітэта і каманд дублёраў. Прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова адзначыла, што дзень студэнта навучэнцы правялі з карысцю, праявіўшы свае выкладчыцкія, арганізатарскія і лідарскія якасці. Рабяты падзякавалі кіраўніцтву БрДУ за магчымасць адчуць на сабе ўсю складанасць працы педагога і работніка адміністрацыйнага апарата. Набыты вопыт, упэўнены навучэнцы, абавязкова спатрэбіцца ім у прафесійнай дзейнасці. А са сцен роднага ўніверсітэта яны выйдуць якасна падрыхтаванымі спецыялістамі з багатым тэарэтычным і практычным вопытам.

Дзмітрый Туцкі, дублёр рэктара:

– У мяне ёсць невялікі кіроўчы вопыт, так як я з’яўляюся старшынёй студэнцкага самакіравання. Але было складана. Больш за ўсё я баяўся, што зазвініць знешні тэлефон, сэрца не было на месцы. Пужала велізарная колькасць дакументаў, хваляваўся ў момант правядзення нарады. У будучым мне, вядома, хацелася б стаць кіраўніком: як той казаў, дрэнны той салдат, што не марыць стаць генералам. Але за гэты дзень я зразумеў: каб кіраваць вялікім калектывам, трэба мець вялікі багаж ведаў і вытрымку.

Карына Зушчык, дублёр прарэктара па выхаваўчай працы:

– У дні самакіравання ўдзельнічаю не першы раз, у мінулым годе выступала ў ролі дэкана сацыяльна-педагагічнага факультэта. Адчуванні зусім розныя. Быць дублёрам прарэктара складаней. Я на сабе адчула, якая вялікая адказнасць ляжыць на плячах кіраўніка: велізарная колькасць званкоў, рашэнне бягучых пытанняў, нарады ў рэктара і інш. На маім парадку дня стаялі пытанні эфектыўнасці работы савета студэнцкага самакіравання і падрыхтоўкі да конкурсу «Павер у сябе». Было вельмі цікава!

Аляксандра Гусева, дублёр дэкана:

– На факультэце правялі раду прафілактыкі. Шмат увагі надала навуковай дзейнасці, пазнаёмілася са стратэгіяй развіцця навукі да 2040 года, даведалася шмат цікавага.

Кацярына Пасунько, дублёр выкладчыка:

– Гэта быў мой першы выкладчыцкі вопыт. Я вельмі хвалявалася, доўга рыхтавалася да заняткаў. Студэнты прынялі мяне добра: уважліва слухалі, актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні пары. Атрымала задавальненне ад змены дзейнасці.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: