Сяброў міжнароднага Пушкінскага фестывалю зноў сабраў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна

З 23 па 27 красавіка 2018  года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна праходзіў VIII Міжнародны Пушкінскі фестываль «Друзья, прекрасен наш союз…», арганізаваны Рускім цэнтрам і кафедрай рускай літаратуры і журналістыкі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, Фонду «Рускі свет», Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў г. Брэсце.

Праграма фестывалю ўключала майстар-класы, адкрытыя конкурсы чытальнікаў, эсэ, плакатаў, сцэнічны конкурс.

27 красавіка на ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю былі падведзены вынікі творчага конкурснага тыдня. Перад удзельнікамі выступіла дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Сянькевіч: «Мне хацелася б падзяліць з вамі радасную навіну. Наш фестываль стаў пераможцам універсітэцкага конкурсу на лепшую метадычную распрацоўку мерапрыемства патрыятычнай і грамадзянскай накіраванасці. І гэта заслуга не толькі арганізатараў і нашых партнёраў, гэта заслуга тых, хто прымаў актыўны ўдзел у жыцці фестывалю ўсе гэтыя гады. Веру, што мы будзем і далей развівацца, радавацца поспехам адзін аднаго».

У цырымоніі закрыцця фестывалю прынялі ўдзел прарэктар па выхаваўчай працы ўніверсітэта Таццяна Сакалова, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Папова, Генеральны консул Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў г. Брэсце Ігар Канякін. Генеральны консул, у прыватнасці, адзначыў: «Нельга дапусціць, каб нехта перапісваў нашу агульную гісторыю Беларусі і Расіі. Я шчыра рады, што дзякуючы фестывалю мы змаглі ў чарговы раз дакрануцца да велічы асобы Аляксандра Сяргеевіча. Хацелася б пажадаць вам не спыняцца на дасягнутым!».

Пераможцам конкурсаў былі ўручаны дыпломы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, граматы ўніверсітэта, а таксама прызы і сувеніры, падрыхтаваныя Фондам «Рускі свет».

VIII творчы форум у Брэсце перагарнуў яшчэ адну старонку традыцыйнага яркага свята крэатыўных людзей, адданых вялікаму класіку і яго спадчыне.

Філалагічны факультэт

Падзяліцца: