У БрДУ адкрыўся Фестываль замежных студэнтаў

Старт VIII Фестывалю замежных студэнтаў у нашым універсітэце быў дадзены 19 лютага. З прывітальным словам на адкрыцці выступіла прарэктар па выхаваўчай працы Т.В. Сакалова. Таццяна Васільеўна адзначыла значнасць фестывалю, выказала ўпэўненасць у тым, што з году ў год ён будзе станавіцца ўсё лепшым і збіраць усе большую колькасць удзельнікаў і гледачоў, а таксама пажадала ўсім паспяховай і плённай працы на розных фестывальных пляцоўках. А іх, трэба заўважыць, нямала: выставы, інтэлектуальныя гульні, кулінарныя конкурсы, брэйн-рынгі і віктарыны – вось няпоўны пералік формаў шматлікіх мерапрыемстваў, якія пройдуць да 28 лютага.

Затым адбылася канцэртная праграма, на якой сваімі музычнымі нумарамі гледачоў радавалі не толькі замежныя навучэнцы, але і беларускія студэнты. І гэта не дзіўна, бо адна з мэтаў фестывалю – згуртаванне моладзі з розных краін. А творчасць і ёсць тая сіла, якая збліжае і яднае.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: