У імя дабра!

8 мая 2018 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылося агульнаўніверсітэцкае мерапрыемства, прысвечанае Сусветнаму дню Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. З прывітальным словам на ім выступіла прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова – адзін з самых актыўных валанцёраў БрДУ. Яна адзначыла, што добраахвотнасць, чалавечнасць і спагадлівасць – тры кіты, на якіх выбудоўваецца работа Чырвонага Крыжа.

Старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ніна Саванеўская ўзгадала гісторыю свята і падзякавала ўсім добраахвотнікам нашага ўніверсітэта за супрацоўніцтва ў імя дабра.

Аказанне дапамогі ў надзвычайных сітуацыях, дапамога бежанцам і асобам, якія шукаюць прыстанішча, правядзенне дабрачынных акцый і аказанне адраснай дапамогі ўразлівым катэгорыям насельніцтва – далёка не поўны пералік напрамкаў дзейнасці Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Прадстаўнікі арганізацыі па ўсім свеце паўтараюць учынкі доктара Анры Дзюнана, па ініцыятыве якога яшчэ ў XIX стагоддзі пачалі стварацца групы медыкаў-добраахвотнікаў. І пакуль вакол іх будуць збірацца такія ж неабыякавыя людзі, жыццё на планеце будзе праходзіць пад знакам узаемадапамогі і дабрыні.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: