X Міжнародны турнір па кіданні молата

16-17 лістапада стадыён «Атлант» г. Наваполацка прымаў X Міжнародны турнір па кіданні молата. У цэнтр нафтахімічнай прамысловасці Беларусі прыехалі ўдзельнічаць у спаборніцтвах малатабойцы з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі (з Выбарга, Смаленска, Вязьмы) і, вядома ж, з розных куткоў нашай краіны. Заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах даслалі 180 спартсменаў-лёгкаатлетаў. Праграма турніру ўключала спаборніцтвы ў юнакоў і дзяўчат у 12 узроставых групах (ад 10 да 30 гадоў).

Турнір уключаны ў афіцыйны каляндар Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі, а яго гісторыя бярэ свой пачатак яшчэ ў 1979 годзе. Тады спаборніцтвы прызначаліся для прагляду рэзерву зборнай Савецкага Саюза. З такіх матчавых сустрэч вырасла мноства вядомых малатабойцаў і трэнераў. Турнір аказаўся запатрабаваным да гэтага часу і ў чымсьці з’яўляецца ўнікальным. У свеце няма аналагічных спаборніцтваў, у якіх выступала б адразу такая вялікая колькасць малатабойцаў.

Гэтыя спаборніцтвы прыцягваюць спартсменаў магчымасцю ацаніць свае сілы і атрымаць спаборніцкую практыку. Папулярнасць турніру тлумачыцца яшчэ і тым, што ва ўсім свеце высокі аўтарытэт беларускай школы кідання молата. Турнір – гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць для юных спартсменаў ўбачыць у справе сваіх тытулаваных калег – Вадзіма Дзевятоўскага, фіналістку Алімпійскіх гульняў у Рыа-2016 Ганну Малышчык (дарэчы, выпускніцу нашага ўніверсітэта гэтага года), удзельніка чэмпіянату свету-2015 Юрыя Шаюнова, уладальніцу другога месца юнацкага чэмпіянату свету-2017 Кацярыну Валадкевіч, сярэбранага прызёра чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў-2017 Аляксандра Шымановіча, уладальніцу 5-га месца на юнацкім чэмпіянаце свету-2017 Таццяну Рамановіч.

На спаборніцтвах турніру ў другі дзень напружанай барацьбы студэнтка 1 курса факультэта фізічнага выхавання нашага ўніверсітэта Валадкевіч Кацярына заняла I месца сярод дзяўчат 2000-2001 года нараджэння, кінуўшы молат у шостай спробе на 64 м 95 см.

Мы ад усёй душы віншуем Кацярыну і яе трэнера, выкладчыка кафедры лёгкай атлетыкі, плавання і лыжнага спорту Святлану Міхайлаўну Вінідзіктаву з залатым медалём і жадаем ім упэўненых спартыўных перамог у будучыні!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах спартклуба і факультэта фізічнага выхавання

Падзяліцца: