«Ясны погляд» Уладзіславы Панфёравай

Студэнтка першага курса біялагічнага факультэта Уладзіслава Панфёрава з відэаролікам «Анёлы сярод нас» стала пераможцам у намінацыі «Дабро без межаў» фестывалю «Ясны погляд», які ў гэтым годзе прымала наша краіна ў Гомелі. Праца дзяўчыны была адзначана кубкам фестывалю і кубкам Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

Студэнтка падзялілася ўражаннямі:

– Асноўная тэма фестывалю – сацыяльная рэклама ў прававым, эканамічным, і псіхалагічным кантэкстах. Я з задавальненнем наведала розныя майстар-класы. Больш за ўсё мне спадабалася сустрэча з прафесарам універсітэта імя Сэма Х’юстана (штат Тэхас, ЗША) Уільямам Эдынгтонам.

Мая праца накіравана на прыцягненне ўвагі дарослых да праблем дзяцей-сірот, якія, як ніхто іншы, маюць патрэбу ў клопаце і ласцы. Ролік заснаваны на рэальных падзеях, пабудаваны з эпізодаў, калі я і мае сябры наведвалі дзіцячыя дамы і гулялі з дзецьмі. Я хацела паказаць, што ў сучасным свеце шматлікія людзі адсутнасць дарагой сумачкі ці новай мадэлі мабільнага тэлефона лічаць трагедыяй, у той час як ёсць тыя, каму не патрэбны дарагія рэчы, тыя, хто мае патрэбу ў любові і ўвазе. А падарыць гэтым людзям шчаслівыя хвіліны так проста.

Мне вельмі прыемна, што з 65 прадстаўленых відэаролікаў мой увайшоў у пятнаццаць лепшых. Па выніках фіналу, у якім відэаролікі ацэньвала журы з Беларусі, Расіі і ЗША, мой праект і аказаўся ў ліку лепшых.

Гутарыла Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: