З Інстытутам права і псіхалогіі Нацыянальнага ўніверсітэта «Львоўская палітэхніка» заключаны дагавор аб міжнародным супрацоўніцтве

23 сакавіка 2017 г. кафедрамі грамадзянска-прававых дысцыплін і крымінальна-прававых дысцыплін БрДУ імя А.С. Пушкіна быў заключаны дагавор аб міжнародным супрацоўніцтве з Інстытутам права і псіхалогіі Нацыянальнага ўніверсітэта «Львоўская палітэхніка» (Украіна, г. Львоў). Каардынатарамі супрацоўніцтва з боку нашага ўніверсітэта выступілі дэкан юрыдычнага факультэта, кандыдат сацыялагічных навук А.М. Грыгаровіч, загадчык кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін, кандыдат юрыдычных навук Т.А. Гарупа, дацэнт і загадчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт В.М. Іванчына.

Нацыянальны ўніверсітэт «Львоўская палітэхніка» – першая тэхнічная ВНУ Украіны – быў створаны ў 1816 г. Рэктарам універсітэта з’яўляецца доктар тэхнічных навук, прафесар Бабала Юрый Яраслававіч. У гэтай вышэйшай навучальнай установе дзейнічае 16 інстытутаў, у складзе якіх вылучаецца 114 кафедраў, дзе працуюць каля 5000 выкладчыкаў. У 30 навучальных карпусах універсітэта навучаецца каля 33000 студэнтаў. Толькі ў Інстытуце права і псіхалогіі, з якім непасрэдна супрацоўнічаюць выкладчыкі юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, працуюць 30 дактароў навук.

Дагавор аб міжнародным супрацоўніцтве ўжо атрымаў сваю рэалізацыю на практыцы. 30-31 сакавіка 2017 г. у Нацыянальным універсітэце «Львоўская палітэхніка» адбылася канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел выкладчыкі БрДУ В.М. Іванчына і С.А. Цюга, а таксама студэнтка юрыдычнага факультэта нашай ВНУ К. Грыгаровіч.

Тэма міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Нарматыўна-прававое рэгуляванне дзейнасці новых рэлігійных рухаў і сект: міжнародны вопыт і ўкраінскія перспектывы» з’яўляецца актуальнай для многіх краін свету. Асаблівую вастрыню яна мае для дзяржаў, дзе праваахоўныя органы не маюць карэктнай заканадаўчай базы, якая дазваляе эфектыўна папярэджваць негатыўнае ўздзеянне неакультаў на грамадзян, а таксама рэалізоўваць меры крымінальнага пераследу для лідараў дэструктыўных рэлігійных аб’яднанняў.

У рамках пленарнага пасяджэння В.М. Іванчына выступіла з дакладам на тэму «Крымінальна-прававая абарона рэлігійнай бяспекі чалавека ў сучасным свеце», дзе падкрэсліла неабходнасць пастаяннага маніторынгу з боку дзяржаўных органаў (у тым ліку і праваахоўных) дзейнасці ўсіх рэлігійных аб’яднанняў. Была прапанавана матэматычная методыка выяўлення «гуманітарнага вымярэння» ў кожным веравучэнні і канфесіі з выкарыстаннем шкалы ў балах ад 0 да 100. З дапамогай бальнага вымярэння міжнародныя інстытуты і арганізацыі ў цяперашні час даследуюць самыя розныя сацыяльныя працэсы, таму дадзены метад даследавання можна выкарыстаць і да вывучэння рэлігій – як на рэгіянальным, так і на глабальным узроўнях. Такія прафесійныя даследаванні неабходныя для эфектыўных мер прэвенцыі, а таксама для ліквідацыі наступстваў дзейнасці неакультаў.

Таксама на пленарным пасяджэнні канферэнцыі выступіла старшы выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БрДУ С.А. Цюга. Тэма яе даклада была прысвечана нарматыўна-прававому рэгуляванню дзейнасці рэлігійных арганізацый і новых рэлігійных рухаў у Рэспубліцы Беларусь.

Актуальнасць канферэнцыі мела практычны характар. Па-першае, на пасяджэннях выступілі не толькі навукоўцы і прадстаўнікі Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, але і грамадзяне, непасрэдна пацярпелыя ад дзейнасці рэлігійнай арганізацыі «Посольство Божье». Яны расказалі і пра праблемы, якія пакуль не маюць эфектыўнага рашэння ў рамках заканадаўства і судаводства. Па-другое, на аснове ўсіх пададзеных дакладаў былі выпрацаваны прапановы для заканадаўчай ініцыятывы, што дазволіць палепшыць канфесійную сітуацыю і ўзровень рэлігійнай бяспекі на Украіне.

У ходзе канферэнцыі было вызначана, што не толькі прыналежнасць да культураўтваральнай канфесіі, але і асветніцка-адукацыйны фактар іграюць важную ролю ў папярэджанні распаўсюджвання дэструктыўных рэлігійных аб’яднанняў. Таму ў «Львоўскай палітэхніцы» студэнты-прававеды вывучаюць курс «Кананічнае права», а ў ВНУ Расіі чытаецца вучэбны курс «Асновы рэлігійнай бяспекі».

Міжнароднае супрацоўніцтва спрыяе абмену ведамі, навукова-метадычнай літаратурай, усталяванню новых дзелавых кантактаў, развіццю навукі і адукацыі, што, безумоўна, прыносіць і будзе прыносіць вялікую карысць нашаму ўніверсітэту.

В.М. Іванчына, заг. кафедры крымінальна-прававых дысцыплін

Падзяліцца: