Жывыя ўспаміны

Месяц люты багаты на падзеі ваеннай тэматыкі: гэта і Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, гэта і Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сёння ў Беларусі шмат людзей, лёс якіх звязаны са шматгадовай вайной у Афганістане. Маладое пакаленне, на шчасце, не ведае, што такое вайна і як гэта бывае страшна. Студэнтам гістарычнага факультэта выпаў унікальны шанец даведацца шмат цікавага аб падзеях той працяглай вайны. 22 лютага 2019 года адбылася сустрэча студэнцкай моладзі з ветэранам вайны ў Афганістане, падпалкоўнікам Сакаловым Васілём Васільевічам. Гэтае мерапрыемства было прысвечана 30-годдзю са дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Васіль Васільевіч расказаў студэнтам пра сваю службу ў гэтай далёкай краіне. У той перыяд ён, у званні капітана, служыў камандзірам роты ў дэсантна-штурмавой брыгадзе. Васіль Васільевіч адразу ўспомніў, як атрымаў свой першы загад: «Не трэба геройстваваць, галоўная задача – захаваць жыццё людзям». І ён гэта зрабіў! За час службы ў Афганістане ні адзін з яго падначаленых не загінуў, хоць і былі параненыя. Часта справа жыцця і смерці салдата залежала не ад камандзіра, а ад поспеху і выпадку. Падарвацца на міне, быць закранутым асколкам, атрымаць шалёную кулю было звычайнай справай.

Адзначаў В.В. Сакалоў і трапнасць маджахедаў: «Два снайперы маглі трымаць у напружанні цэлую роту. Стралялі яны, трэба сказаць, выдатна». Студэнты ўважліва слухалі аб розных перыпетыях вайны, нялёгкай службе ў Афганістане – аб абстрэлах душманамі ваенных калон, аб выбухах грузавікоў са снарадамі, аб тым, як прыходзілася пакідаць тэхніку, адрэзаную ад калоны, і ехаць далей у яшчэ большай цеснаце. А пасля фразы «Гэта былі мае першыя тры дні ў Афганістане...» па радах студэнтаў прайшоўся здзіўлены гул.

На сустрэчы была закранута і тэма адносінаў паміж салдатамі і афіцэрамі – гаварылася пра тое, як важна выклікаць прыхільнасць падначаленых да сябе, пра давер, пра ўзаемаразуменне і падтрымку ў падраздзяленні. Не раз Васіль Васільевіч адзначаў гераізм савецкіх салдат, як у цяжкіх умовах яны выконвалі пастаўленыя задачы, якія часам здаваліся невыканальнымі. У доказ камандзір прывёў некалькі прыкладаў. Так, па інструкцыі, перш чым страляць з гранатамёта АГС-17, стралок павінен выканаць шэраг падрыхтоўчых дзеянняў – наладзіць прыцэл, зрабіць папераджальны стрэл і толькі потым весці агонь на паражэнне. Але некаторыя салдаты, абмінаючы папярэднія дзеянні, адразу стралялі на паражэнне – і траплялі дакладна ў мэту. Васіль Васільевіч так і сказаў: «Нашы салдаты не толькі выконвалі, але нават і перакрывалі ўсе нарматывы, яны рабілі немагчымае».

Наш госць расказаў і аб ваенным побыце – аб цяжары абмундзіравання і ўзбраення, з усмешкай успомніў пра лазню, якая для салдат і афіцэраў была адной з нямногіх аддушын ва ўмовах вайны.

Напрыканцы сустрэчы студэнтка Вольга Сухарэвіч расказала пра свайго бацьку – удзельніка баявых падзей у Афганістане. Яна паказала пра яго прэзентацыю, якая была насычана ваеннымі фотаздымкамі з сямейнага архіва. Яе эмацыйны аповед пра бацьку, які служыў ваенным вадзіцелем у Афганістане ў перыяд 1983–1985 гг, а гэта адзін з самых страшных і цяжкіх перыядаў той вайны, усхваляваў сакурснікаў.

На гістарычным факультэце стала добрай традыцыяй праводзіць сустрэчы з ветэранамі «гарачых кропак» планеты. Такія мерапрыемствы маюць важнае значэнне для нашых студэнтаў: дапамагаюць ім глыбей паглыбіцца ў гісторыю, яе ажывіць. Хочацца яшчэ раз ад усяго сэрца падзякаваць Васілю Васільевічу за такую праніклівую сустрэчу і шчырую размову. Студэнты яшчэ доўга абмяркоўвалі паміж сабой пачутае, бо да гэтага многія з іх чэрпалі звесткі пра вайну ў Афганістане толькі з фільмаў і кніг, а зараз яны мелі магчымасць пачуць жывыя ўспаміны сапраўднага Камандзіра.

Гістарычны факультэт

Падзяліцца: