БрДУ на выязным пасяджэнні Грамадскай рэспубліканскай студэнцкай рады

25-26 красавіка 2018 года ў Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» праходзіла выязное пасяджэнне Грамадскай рэспубліканскай студэнцкай рады (ГРСР). Наш універсітэт на ім прадстаўляў студэнт другога курса гістарычнага факультэта Дзмітрый Баранаў.

У рамках мерапрыемства быў абраны старшыня ГРСР – ім стаў чацвёртакурснік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Іван Рыбнікаў.

На парадку дня пасяджэння стаялі пытанні развіцця студэнцкага самакіравання, уцягванне студэнцкай моладзі ў працэс кіравання ўстановай вышэйшай адукацыі, удасканаленне формаў узаемадзеяння рабят з органамі дзяржкіравання і адміністрацыяй установы вышэйшай адукацыі.

Мерапрыемства было накіравана і на развіццё лідарскіх якасцяў студэнтаў, у сувязі з чым рабятам прапанавалі прыняць удзел у розных трэнінгах і майстар-класах.

Акрамя таго, у ходзе пасяджэння абмяркоўваліся праекты, у якіх студэнцкая моладзь заўсёды прымае актыўны ўдзел: грамадзянска-патрыятычны марафон «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь!», Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці калектываў і індывідуальных выканаўцаў «АРТ-вакацыi» і інш.

А самым цікавым на пасяджэнні стаў круглы стол з удзелам першага намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзіма Богуша.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: