Адкрыты ўніверсітэцкі конкурс прамоўніцкага майстэрства «Майстар слова–2018»

27 красавіка 2018 года адбыўся адкрыты ўніверсітэцкі конкурс прамоўніцкага майстэрства «Майстар слова». Арганізатарамі конкурсу выступілі кафедра агульнага і рускага мовазнаўства, аддзел выхаваўчай работы з моладдзю, першасная арганізацыя БРСМ установы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна».

У гэтым годзе конкурс адзначыў юбілейную дату – 15 гадоў! Заснавальнік конкурсу, дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Галіна Васільеўна Пісарук у прывітальным слове адзначыла: «Сёння стаць удзельнікамі конкурсу прамоўніцкага майстэрства могуць студэнты ўсіх факультэтаў нашага ўніверсітэта. А тады, пятнаццаць гадоў таму, першыя прамоўцы, студэнты філалагічнага факультэта, змагаліся за права быць пачутымі ў калідоры роднага факультэта! Зараз жа конкурс праходзіць ва ўтульнай актавай зале, дзе прамоўцам зручна выступаць, а гледачам нічога не замінае атрымліваць асалоду ад прамовы канкурсантаў».

У конкурсе прынялі ўдзел студэнты васьмі факультэтаў нашага ўніверсітэта, а таксама навучэнцы двух ліцэяў, дзвюх гімназій і адной школы г. Брэста.

Конкурс праходзіў у тры этапы. У першым туры ўдзельнікі выступілі з загадзя падрыхтаваным публічным выступленнем на тэму «Мая малая радзіма». Канкурсанты расказвалі пра месцы, якія дарагія іх сэрцу: пра Брэст, Баранавічы, Віцебск, Магілёўшчыну, пра свае родныя вёскі. Колькі цёплых слоў было сказана кожным удзельнікам пра сваю малую радзіму! Маладыя людзі цёпла ставяцца да родных мясцін, любяць іх, ганарацца жыхарамі і абяцаюць працаваць так, каб зрабіць сваю малую радзіму яшчэ больш прыгожай і квітнеючай, бо, як вядома, дабрабыт краіны пачынаецца з малога.

Брэст паўстаў перад слухачамі як жывы арганізм з сэрцам, сасудамі, душой у аповедзе Дар’і Сіліч, Андрэй Несцярук абудзіў у слухачах гонар за родны горад. Лізавета Лапыцька паспрабавала сябе ў ролі рэжысёра, які здымае фільм пра любоў да горада на прыкладзе адной сям’і. Наталля Ганчарова расказала пра тое, як яна ганарыцца вядомымі берасцейцамі, а Аляксандр Саўчук працягнуў тэму, расказаўшы пра творчасць М.Д. Чурабы, які ўвасобіў подзвіг крэпасці ў сваіх карцінах; Станіслаў Мароз правёў экскурсію па музеі-галерэі Напалеона Орды. Разам з Любоўю Мошчык мы акунуліся ў далёкае мінулае вёскі Олтуш і даведаліся пра некаторыя яе таямніцы; Дзмітрый Шыпуль змяніў наша ўяўленне аб вёсцы як аб населеным пункце выключна аднапавярховай забудовы. Раман Гусейнаў даказаў, што малая радзіма – гэта не толькі тое месца, дзе чалавек нарадзіўся, а Ганна Семашкевіч пераканала нас у тым, што яе малая радзіма там, дзе яе сям’я і сябры.

У фінале за званне лепшага прамоўцы змагаліся 10 чалавек. Іх чакалі яшчэ два туры.

Другі тур – самапрэзентацыя, у якой канкурсанты расказвалі пра сябе, свае інтарэсы і захапленні, гаварылі пра хвалюючыя іх праблемы.

Трэці тур – конкурс «У свеце мудрых думак» – праводзіўся ў рэжыме рыторыкі хуткага рэагавання. Кожны з удзельнікаў павінен быў разгорнута патлумачыць прапанаваны афарызм.

Пераможцамі конкурсу сярод студэнтаў сталі:

  • І месца – Павел Кажамячанка (геаграфічны факультэт);
  • II месца – Андрэй Несцярук (філалагічны факультэт);
  • III месца – Лізавета Лапыцька (факультэт замежных моў); Станіслаў Мароз (факультэт замежных моў); Ганна Семашкевіч (філалагічны факультэт).

Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў студэнт псіхолага-педагагічнага факультэта Аляксандр Саўчук.

Намінацыю «Удалы дэбют» па праву заваяваў студэнт сацыяльна-педагагічнага факультэта Дзмітрый Шыпуль; намінацыю «За адданасць роднаму слову» атрымала студэнтка філалагічнага факультэт Яна Ладуцька; намінацыя «За арыгінальнасць раскрыцця тэмы» прысуджана студэнтцы біялагічнага факультэта Уладзіславе Панфёравай, а намінацыя «За шчырасць выканання» – студэнтцы філалагічнага факультэта Кацярыне Журбенка.

Пераможцамі сярод вучняў сталі:

І месца – Майсейчык Ганна (ДУА «Сярэдняя школа № 30 г. Брэста»);

II месца – Дзягель Лізавета (ДУА «Гімназія № 2 г. Брэста»);

III месца – Бялецкая Таццяна (ДУА «Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М. Машэрава»).

Пераможцы конкурсу «Майстар слова» адправяцца прадстаўляць Брэстчыну на Міжнародным конкурсе прамоўніцкага майстэрства «Цыцыроній–2018», які пройдзе ў маі на базе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.

Грыцук Ларыса Мікалаеўна, старшы выкладчык
кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: