Валанцёры БрДУ на чэмпіянаце Еўропы

Пачатак восені 2018 года выдаўся гарачым для валанцёраў БрДУ, якія працавалі з 31 жніўня па 2 верасня на чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў да 23-х гадоў.

Нашы валанцёры адказвалі за акрэдытацыю, сачылі за правільным ўзважваннем і мыйкай лодак, глядзелі за камерамі захоўвання, а таксама дапамагалі спартсменам, адказваючы на іх пытанні.

Чэмпіянат стаў добрай магчымасцю пагутарыць з людзьмі з іншых краін. Парадавала, што ўсе былі адкрытымі для гутарак і знаёмстваў. За час мерапрыемства ва ўсіх назапасіліся прыемныя эмоцыі і ўражанні. Для кожнага студэнта гэта стала неацэнным вопытам, які ў далейшым выявіцца, калі прыйдзецца знаходзіць агульную мову з людзьмі, адказна выконваць пастаўленыя задачы і працаваць у камандзе. І вядома ж, як і любое спартыўнае мерапрыемства, чэмпіянат быў прасякнуты неверагоднай атмасферай спаборніцкага духу. Агонь у вачах спартсменаў і моцная падтрымка балельшчыкаў гаварылі пра значнасць мерапрыемства ў іх жыцці.

Сваім меркаваннем з нагоды чэмпіянату падзяліліся валанцёры, студэнткі 2-га курса філалагічнага факультэта.

Галіна Казлоўская:

– Гэта выдатнае мерапрыемства, якое ўпрыгожыла апошнія дні лета і пачатак восені. Ветлівы персанал, сумленныя і справядлівыя суддзі, прыязная атмасфера. Ні адзін з удзельнікаў не застаўся па-за ўвагай. Яркая форма і колеры такога ж яркага неба ўздымалі ўсім настрой. Я вельмі рада, што мне выпала магчымасць быць на гэтым чэмпіянаце.

Яна Раманко:

– Усе знаходзяцца пад вялікім уражаннем да гэтага часу. Гэта мерапрыемства выклікала буру эмоцый, падарыла новыя знаёмствы, уразіла цёплай атмасферай. Тут я адчувала сваю значнасць, ад чаго хацелася працаваць больш старанна, з’явілася яшчэ большае жаданне займацца добраахвотніцтвам. Вельмі прыемна, што запрасілі на чэмпіянат.

Ганна Місько:

– Мне вельмі спадабалася. Было вельмі цікава паўдзельнічаць у правядзенні чэмпіянату і мець зносіны з замежнымі спартсменамі. Гэта прынесла мора незабыўных эмоцый і знаёмстваў з новымі людзьмі. Чэмпіянат пакінуў цёплы след у сэрцы не толькі таму, што ў скарбонцы нашай краіны стала на 8 медалёў больш, але і таму, што кожны выхад беларусаў на гонку быў доўгачаканым і суправаджаўся бясконцай падтрымкай балельшчыкаў.

Усе валанцёры з вялікім нецярпеннем чакаюць Другіх Еўрапейскіх гульняў у Мінску, каб зноў адчуць гэтыя неверагодныя эмоцыі і ўсвядоміць сваю значнасць у гэтай вялікай справе.

Ангеліна Фурсевіч, студэнтка 2-га курса філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна

Падзяліцца: