Месца сустрэчы – псіхолага-педагагічны факультэт!

17 лістапада 2018 года на псіхолага-педагагічным факультэце прайшла чарговая, ужо традыцыйная акцыя «Студэнт на адзін дзень». У гэты раз гасцямі факультэта сталі навучэнцы выпускных профільных педагагічных класаў ДУА «СШ № 13 г. Брэста імя В.І. Хована», ДУА «СШ № 30 г. Брэста імя Д.Б. Гвішыяні», а таксама зацікаўленыя спецыяльнасцямі псіхолага-педагагічнага факультэта юнакі і дзяўчаты з іншых школ г. Брэста і Брэсцкага раёна.

Аб спецыяльнасцях «Пачатковая адукацыя» і «Псіхалогія», асаблівасцях навучання і перспектывах працаўладкавання пасля атрымання адукацыі на псіхолага-педагагічным факультэце расказала зацікаўленым школьнікам дэкан Святлана Серафімаўна Кацэвіч.

Прадстаўнікі студэнцкага актыву факультэта – Янчук Алег, Брыль Яна, Іванюк Уладзіслаў – гутарылі з рабятамі пра вучобу на факультэце, пра сесіі і практыкі, грамадскае і творчае жыццё ППФ, правялі экскурсію па факультэце.

Будучым абітурыентам была дадзена магчымасць адчуць сябе студэнтамі ў аўдыторыях на лекцыйных і практычных занятках, якія праводзілі загадчык кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Інга Генадзьеўна Матыцына і выкладчык кафедры псіхалогіі Ірына Васільеўна Кавалевіч.

Затым госці наведалі лабараторыю «Псіхалогія працы і здароўя». Кіраўнік лабараторыі, намеснік дэкана па навуковай працы, дацэнт кафедры псіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук Аляксей Віктаравіч Севярын расказаў пра працу лабараторыі, навуковую дзейнасць студэнтаў, прадэманстраваў працу прыбораў псіхалагічнай дыягностыкі. Самы смелыя рабяты з цікавасцю прайшлі дыягностыку.

Студэнты, як гасцінныя гаспадары, частавалі школьнікаў імправізаваным «студэнцкім сняданкам» – духмяным чаем, смачным печывам і цукеркамі.

Арыгінальным падарункам для ўсіх стаў канцэрт, падрыхтаваны таленавітымі студэнтамі-першакурснікамі. Песні пра каханне, музычныя мініяцюры і запальныя танцы вельмі спадабаліся школьнікам.

Так як акцыя «Студэнт на адзін дзень» праходзіла ў Міжнародны дзень студэнта, нашы госці цёпла павіншавалі ўсіх студэнтаў псіхолага-педагагічнага факультэта з гэтым святам і выказалі жаданне праз год святкаваць гэты дзень у дружнай студэнцкай сям’і ППФ.

У «Кнізе водгукаў» для гасцей з’явіліся новыя захопленыя запісы, найлепшыя пажаданні і запэўніванні ў будучым стаць годнымі студэнтамі псіхолага-педагагічнага факультэта.

Псіхолага-педагагічны факультэт

Падзяліцца: