Універсітэцкі брэйн-рынг «Брэст тысячагадовы – малады!»

26 лютага 2019 года ўжо ў дзявяты раз у рамках Фестывалю замежных студэнтаў праходзіў універсітэцкі брэйн-рынг, на якім першакурснікі дэманстравалі веды аб краіне навучання, аб горадзе і ўніверсітэце, дзе яны атрымліваюць адукацыю. Арганізатарам брэйн-рынга традыцыйна выступіла кафедра агульнага і рускага мовазнаўства. У год юбілею Брэста інтэлектуальная сустрэча была прысвечана тэме «Брэст тысячагадовы – малады!».

Памерацца эрудыцыяй сабраліся каманды першакурснікаў факультэта замежных моў («Лінгвіст»), фізіка-матэматычнага («Альфа»), біялагічнага («Біясіла»), гістарычнага («Арол»), юрыдычнага («Вlack eagles») і філалагічнага («Фенікс») факультэтаў. Пытанні, прапанаваныя ўдзельнікам гульні, не толькі раскрывалі, але і пашыралі іх веды аб Брэсце. Студэнты даведаліся, колькі гадоў самаму старому будынку ў горадзе, і хто адлюстраваны на помніку тысячагоддзя Брэста, і чым была для гісторыі Брэста знакамітая крэпасць, і якая рэдкая прафесія належыць у нашай краіне толькі аднаму чалавеку з Брэста, і дзе ў горадзе знаходзіцца «Месца для пацалункаў», і многае іншае.

У напружанай барацьбе высветлілася, што лепш за ўсіх вывучылі гісторыю горада і яго сучасныя славутасці студэнты біялагічнага факультэта. Іх каманда «Біясіла» сапраўды аказалася самай моцнай. Вось імёны пераможцаў: Заміра Аманава (капітан), Джэмал Ашырава, Ягмыр Ахмедаў, Мукаддас Дасметава, Аразгуль Гылычдурдыева, Дзілдора Тажынава. Другое месца заняла каманда факультэта замежных моў, а трэцяе – фізіка-матэматычнага факультэта.

Каралевіч С.А., дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: