«Студэнцкая вясна – 2019» стартавала

Адкрыццё фестывалю творчасці студэнтаў «Студэнцкая вясна – 2019» адбылося 26 сакавіка. Па традыцыі цэнтрам свята стаў запальны флэш-моб у выкананні дзясяткаў студэнтаў усіх факультэтаў універсітэта, таму што кіраўніцтва БрДУ перакананае, што ў авангардзе студэнцкага свята павінна быць моладзь.

Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей самай яркай, самай чаканай падзеі вясны, рэктар Ганна Сендзер адзначыла, што нашы студэнты сваімі масавымі нумарамі, невычэрпнай энергіяй і прамяністымі ўсмешкамі спрыяюць набліжэнню цяпла, а ініцыятыўнасцю – робяць жыццё ўніверсітэта больш разнастайным, цікавым і насычаным. Ганна Мікалаеўна пажадала ўсім творчых знаходак, паспяховай вучобы, новых дасягненняў, аптымізму і бадзёрасці.

Запальныя танцы, жыццесцвярджальныя песні і дынамічныя рухі студэнтаў не пакінулі сумнення ў тым, што фестывальныя дні будуць насычанымі, цікавымі, вясёлымі. Майстар-класы, круглыя сталы, конкурсы і турніры – далёка не ўсе формы запланаваных мерапрыемстваў, якіх чакаецца больш за пяцьдзесят.

У гэтым годзе ў рамках «Студэнцкай вясны» адбудзецца вялікая святочная праграма «Горад, які нас аб’ядноўвае», прысвечаная 1000-годдзю Брэста і 5-годдзю клуба «Дыялог культур». А галоўнае мерапрыемства – Парад студэнцкай моладзі «Наш арыенцір: ВЯСНА – СТУДЭНЦТВА – ПОСПЕХ!» стане фінальным акордам фестывалю.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: