VI адкрытае першынства па міні-футболе сярод замежных навучэнцаў

23 сакавіка 2019 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшло VI адкрытае першынства па міні-футболе сярод замежных навучэнцаў. Мерапрыемства, арганізаванае ўпраўленнем па грамадзянстве і міграцыі Брэсцкага аблвыканкама, стала ўжо традыцыйным. У сценах спарткомплексу БрДУ сабраліся чатыры каманды: УУС, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і дзве каманды БрДУ імя А.С. Пушкіна.

У першым тайме сышліся БрДУ-2 і БрДТУ – студэнты тэхнічнага ўніверсітэта атрымалі перамогу з лікам 5:3. Працягнулі гульню каманда УУС і прадстаўнікі БрДУ-1, якія з лікам 2:1 атрымалі паразу. Унічыю скончыўся трэці тайм (2:2) паміж БрДТУ і БрДУ-1. У чацвёртым каманда УУС атрымала перамогу над БрДУ-2. Наступнымі згулялі дзве каманды БрДУ, перамагла першая каманда. У шостым, заключным раўндзе, супрацоўнікі УУС выйгралі ў каманды БрДТУ.

«Турнір праходзіць ужо шэсць гадоў запар. Ён быў арганізаваны для таго, каб даць магчымасць замежным студэнтам зразумець інтарэсы нашай краіны і людзей, якія жывуць тут. Гульня дапамагае згуртавацца, пагутарыць адзін з адным, праявіць сябе і накіраваць энергію ў патрэбнае рэчышча. Таксама гэта добрая магчымасць абмеркаваць якія-небудзь праблемныя пытанні ў нефармальнай абстаноўцы», – адзначыў кіраўнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС, падпалкоўнік міліцыі Юрый Бразінскі.

Пасля некалькіх гадзін напружанай гульні суддзі ва ўрачыстай абстаноўцы абвясцілі вынікі спаборніцтва. Асобнымі намінацыямі былі ўзнагароджаны лепшыя футбалісты. Намінацыю «Лепшы нападаючы» атрымаў Сухан Бардыеў з каманды БрДУ-1. Лепшым гульцом стаў Алі-Заяд Тарыг Махамед з БрДТУ, што не дзіўна, бо трэцякурснік Заяд займаўся футболам у сябе на радзіме з дзяцінства і ў першы ж год пачаў іграць за каманду ўніверсітэта. У Беларусь ён прыехаў з Іарданіі следам за сябрам, каб атрымаць вышэйшую адукацыю ў Брэсце, і, як ён кажа, ніколькі не пашкадаваў.

Пасля ўручэння дыпломаў з намінацыямі Юрый Юр’евіч абвясціў, як размеркаваліся месцы, уручыўшы тройцы лідараў дыпломы і кубкі. Ганаровае трэцяе месца заняла каманда БрДТУ, на другім месцы размясціліся гульцы з БрДУ-1, якія годна трымаліся ўвесь турнір, паказаўшы добрыя вынікі падчас спаборніцтва. Хлопцы з БрДУ актыўна ўдзельнічаюць у спартыўным жыцці ўніверсітэта і заўсёды гатовыя адстаяць яго гонар. Перамогу атрымала каманда УУС, што выдатна згуляла ў міні-футбол.

Кафедра фізічнай культуры

Падзяліцца: