Студэнты нашага ўніверсітэта атрымалі падзякі Брэсцкага гарвыканкама

28 сакавіка старшыня Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Рагачук у рамках прэс-канферэнцыі, на якой былі падведзены вынікі працы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна на месцы пахавання вязняў гета, уручыў падзякі студэнтам фізічнага выхавання Максіму Абрамчуку, Дзмітрыю Галавію, Аляксандру Білібуху, Сяргею Здановічу і Валянціну Міцковічу. Нашы навучэнцы, якія з’яўляюцца актывістамі «БРСМ», выконвалі асноўную працу па сартаванні і пагрузцы мацаў (надмагільных пліт) з габрэйскіх могілак у Брэсце. Але асаблівыя словы ўдзячнасці ў гэты дзень гучалі ў адрас асабістага складу 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, што прымаў удзел у работах па выманні астанкаў жыхароў Брэста, якія загінулі ў гады вайны.

Уручаючы граматы і падарункі, Аляксандр Рагачук нагадаў, што 52-і асобны пошукавы батальён за папярэднія гады ўжо прарабіў вялікую працу па перапахаванні ахвяр вайны – на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, у Паўднёвым гарадку ў раёне былога лагера ваеннапалонных «Рэвір», у шэрагу іншых месцаў.

Максім Азарчук, в.а. сакратара п/а ГА «БРСМ» універсітэта

Падзяліцца: