Паэзія велікоднай паштоўкі
Выстава “Беларуская велікодная паштоўка” стала ўжо традыцыйнай у Адукацыйна-асветным цэнтры імя У. Калесніка. Кожны год яна папаўняецца новымі выявамі, створанымі мастакамі. Пераважная большасць сабраных паштовак – гэта прыватная калекцыя. Вялікдзень, свята Хрыстовага ўваскрасення, спрадвеку шанавалася і шануецца беларусамі. Асэнсаванне яго знаходзім у беларускай духоўнай паэзіі: гэта творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Сяргея Палуяна, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна, Дануты Бічэль і інш. Паштоўкі адлюстроўваюць багатую паліфанічнасць гэтага свята ў беларускай народнай традыцыі. Сярод пашыраных сімвалаў – Ісус Хрыстос, Багародзіца, велікоднае яйка. Паштоўкі створаны ў рознай тэхніцы. Прывабліваюць паштоўкі, аздобленыя выцінанкай, а таксама традыцыйнымі народным арнаментам. Паштоўкай добра вітаць са святам Вялікадня сваіх родных, блізкіх, сяброў. Прыгожая, змястоўная, густоўная, яна нясе святло, надзею, веру. Для многіх – гэта і цікавы, дарагі ўспамін дзяцінства.
Пра святкаванне Вялікадня ўспамінае і Уладзімір Калеснік у сваёй кнізе “Доўг памяці”: “Мы ехалі на Усяночную ў Ярэмічы ў спрытнай, лёгкай яловай чайцы. Бацька, маці і я...”. Назаўсёды засталося ў памяці тое фантастычнае відовішча, калі лодкі з сіняўскімі падарожнікамі і вадзяны прастор аж да небакраю асвятляліся паходнямі: “Зводдаль лодкі з паходнямі выглядалі таямніча і фантастычна, нібы караблі, што рыхтаваліся да начнога бою за Ярэмічы...”. А пасля, ужо каля царквы, – былі пошукі “тое таямніцы, якая суправаджала надыход Вялікадня ад Вербніцы, да паходняў і вялікай вады, убачанай ноччу”...
Выстава “Беларуская велікодная паштоўка” запрашае да асэнсавання духоўнага адраджэння паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі, запрашае да развіцця ўласных творчых здольнасцяў.
Адукацыйна-асветны цэнтр імя У.А. Калесніка будзе ўдзячны ўсім, хто прапануе свае паштоўкі да сабранай калекцыі. Сардэчна запрашаем на выставу.
Хрыстос васкрос! – і ўваскрасае
Душа, што смутнаю была,
І з цвёрдай веры выкрасае
Усмешку добрую святла.
Хрыстос васкрос! – лягчэй нябёсам
Трымаць аблокі дум цяжкіх!
Хрыстос васкрос! – спаткацца з лёсам
Дазволіў міг, стаіўшы дых.
Хрыстос васкрос! – грэх цёмны плача
І не саромеецца слёз.
Расцвіў з вярбою кій жабрачы.
Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос!
Рыгор Барадулін