Студэнты ўніверсітэта на Рэспубліканскім прафсаюзным форуме студэнцтва «Студэнцкая восень»

З 15 па 17 лістапада 2017 года студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна прымалі ўдзел у II Рэспубліканскім прафсаюзным форуме студэнцтва «Студэнцкая восень», які прайшоў у Мінску і быў прысвечаны Міжнароднаму дню студэнтаў 17 лістапада.

15 лістапада ў Доме прафесійных саюзаў у рамках студэнцкага саміту «Вектар росту» прайшло ўручэнне стыпендый Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі навучэнцам з ліку прафсаюзных актывістаў на 2017/2018 навучальны год. Прафкам студэнтаў універсітэта шчыра віншуе старшыню прафбюро студэнтаў факультэта фізічнага выхавання БрДУ імя А.С. Пушкіна, студэнтку 4 курса Катовіч Юлію Эдуардаўну з атрыманнем нагруднага знака «Лаўрэат стыпендыі ФПБ».

15-16 лістапада ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў прафсаюзныя актывісты нашага ўніверсітэта арганізавалі і правялі выставу «Іміджавая прадукцыя БрДУ імя А.С. Пушкіна і прафкама студэнтаў». На выставе была шырока прадстаўлена ўзнагародная і прома-прадукцыя прафкама: прафсаюзныя кубкі, конаўкі, бірулькі, ручкі, нататнікі, кішэнныя календары, майкі, сцягі і сцяжкі, бэйджы, пазлы, магніты, нагрудныя прафсаюзныя медалі, памятныя талеркі, друкаваная прадукцыя і інш.

15 лістапада студэнты БрДУ прынялі ўдзел у адкрыцці форуму «Студэнцкая восень», сустрэліся з намеснікам старшыні галіновага прафсаюза В.А. Ільіной і ўбачылі мюзікл-падарожжа «7 таямніц Беларусі» – сумесны праект ФПБ і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

16 лістапада студэнты і магістранты БрДУ Аляксандр Журовіч (юрыдычны факультэт), Андрэй Казлюк (псіхолага-педагагічны факультэт), Васіліна Буцкевіч (філалагічны факультэт), Віктар Іванюк (сацыяльна-педагагічны факультэт) і Валерыя Корбан (псіхолага-педагагічны факультэт) выступілі на пляцоўках Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» і Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта ў намінацыях «Вакал», «Харэаграфія», «Арыгінальны жанр» і «Інструментальны жанр». Паводле вынікаў конкурсных выпрабаванняў Андрэй Казлюк заняў 3 месца ў намінацыі «Харэаграфія» (сола). Педагог-псіхолаг аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Н.С. Ануфрыкава паспяхова абараніла валанцёрскі праект «На сустрэчу адзін аднаму». Магістрант біялагічнага факультэта Васіль Сілюк і студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта Вольга Васілеўская прынялі ўдзел у рэалізацыі спецыяльнага праекта «Універсітэцкае асяроддзе». А ўвечары ўсіх гасцей форуму чакала дыскатэка ў клубе «Аўра».

17 лістапада студэнты ўніверсітэта наведалі з экскурсійнай праграмай ЗАТ «Атлант», дзе пазнаёміліся з работай першаснай прафсаюзнай арганізацыі.

Студэнты-ўдзельнікі мерапрыемстваў дзякуюць арганізатарам форуму (Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Моладзевай Радзе ФПБ), а таксама валанцёрам Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» за штодзённае суправаджэнне і рашэнне тэхнічных пытанняў.

Прафактыў студэнтаў выказвае словы падзякі кіраўніцтву ўніверсітэта і Брэсцкаму абкаму галіновага прафсаюза за аказанае садзейнічанне і атрыманую магчымасць удзелу ў шматлікіх мерапрыемствах форуму.

Прафсаюзны камітэт студэнтаў

Поделиться: