24 лютага 2023 года студэнты спецыяльнасці "Урбаналогія і сіці-менеджмент" сабраліся ў тэлезале інтэрната №1, каб згуляць у новую настольную гульню "Тутэйшыя". Мерапрыемства было прысвечана Дню роднай мовы.

Гэта гульня - новы праект кампаніі OZ і гродзенскай студыі распрацоўкі настольных гульняў «Кубік». Пад час гульні ўдзельнікі знаёмяцца з выбітнымі беларусамі розных часоў: пісьменнікамі, мастакамі, навукоўцамі, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі. 

 

"Гэта было вельмі пазнавальна, весела і проста цікава. Абралі правілы гульні "Хто я?", таму што сабралася вялікая кампанія. Па чарзе кожны з удзельнікаў задаваў пытанні да іншых, каб адгадаць Персанажа сваёй карты. Даўно марыў згуляць у "Тутэйшых", але не атрымоўвалася сабраць кампанію. А тут - такая прапанова, ад якой нельга было адмовіцца! Некаторыя з удзельнікаў казалі, што будуць сур'ёзна рыхтавацца да наступных гульняў, шукаць цікавыя факты і звесткі аб жыцці знакамітых беларусаў. Вялікі дзякуй усім за гэты неверагодны вечар," - падзяліўся ўражаннямі ўладальнік гульні Вячаслаў Іванісь.

Студэнты, якія праявілі сябе, як сапраўдныя знатакі гісторыі нашай краіны, атрымалі сувеніры з сімволікай універсітэта.

Чакаем запрашэння на наступную гульню!

Ірына Абрамава
Аўтары фатаграфій - Ягор Цыбульскі, Вячаслаў Іванісь

Поделиться: