Тыдзень роднай мовы і літаратуры (17-23.02.2022)

З 17 па 23 лютага 2022 года на філалагічным факультэце ў межах Тыдня роднай мовы і літаратуры выкладчыкамі кафедры беларускай філалогіі і студэнтамі спецыяльнасці “Беларуская філалогія” быў праведзены шэраг мерапрыемстваў.

Філфакаўцы падрыхтавалі замалёўкі, у якіх выказвалі свае адносіны да роднай мовы, характарызавалі яе: “Ты вельмі мілагучная, табой нельга не захапляцца, бо з тваёй дапамогай можна перадаць усю прыгажосць навакольнага свету і прыгажосць унутранага свету чалавека”, “Я цябе люблю так, як маці любіць сваё дзіця. Гэтая любоў шчырая, пяшчотная, чыстая” і інш.

Студэнты першага курса юрыдычнага, прыродазнаўчага факультэтаў і факультэта фізічнага выхавання праверылі сваю граматнасць па-беларуску, напісаўшы дыктоўку.

19 лютага быў праведзены конкурс знаўцаў беларускай мовы “Грані слова”. Выконваючы заданні конкурсу, студэнты тлумачылі значэнне безэквівалентнай лексікі, працавалі з сінонімамі, антонімамі, паронімамі, выяўлялі зафіксаваныя ў фразеалагізмах сюжэты Бібліі, славянскай міфалогіі, антычнай літаратуры, ажыццяўлялі пераклад слоў і граматычных канструкцый з рускай мовы на беларускую.

22 лютага быў арганізаваны брэйн-рынг “Мова цікава і займальна”, у якім прынялі ўдзел студэнты 1 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” і вучні старэйшых класаў СШ № 8 г. Брэста. Тры каманды праверылі свае веды па фразеалогіі, палеаграфіі, гісторыі слова, паспрабавалі сябе ў вершаскладанні. Мерапрыемства прадэманстравала высокія інтэлектуальныя здольнасці ўдзельнікаў.

18 лютага адбылася прэзентацыя творчасці маладых студэнтаў-паэтаў “Маладыя галасы Берасцейшчыны” і імпрэза “Пад ветразем роднага слова”. Пра родную мову, вясну, пра каханне чыталі свае вершы студэнты 1–3 курсаў беларускай філалогіі: Сямецка А., Мізерыя К., Бярнацкі С., Маісейчык Г., Казловіч В., Вандзіч В.

21 лютага студэнты філфака чыталі вершы пра родную мову, напісаныя беларускімі паэтамі Я. Коласам, Я. Купалам, Р. Барадуліным, М. Пракаповічам, Я. Янішчыц, П. Панчанкам і інш. Свой верш дэкламавала Мізерыя К.:

З любоўю да роднага слова,

З любоўю да роднай зямлі,

Да светлай трывалай асновы,

Што колісь нам продкі далі…

На перапынках студэнты 3 курса праводзілі бліц-віктарыну “Размаўляем па-беларуску” і майстар-клас “Філалагічны калейдаскоп”. Філфакаўцаў “правяралі” на веданне значэнняў слоў, на ўменне пісаць рыфмаваныя вершаваныя радкі, на ўменне перакладаць словы з беларускай мовы на рускую і наадварот і інш.

Былі падведзены вынікі V завочнай алімпіяды па беларускай мове для вучняў 10–11 класаў г. Брэста і вобласці. Даслана больш за 600 адказаў на заданні алімпіяды. Правільныя адказы на ўсе заданні далі 50 вучняў.

23 лютага праходзіла імпрэза “Ты будзеш звінець, наша родная мова!”. На пачатку мерапрыемства былі ўручаны дыпломы пераможцам конкурса “Грані слова”. Гучалі песні, вершы пра родную мову беларускіх паэтаў, а таксама аўтарскія студэнцкія.