Першы зімовы дзень філфакаўцы сустрэлі фестывалем «Неруш роднага слова», прысвечаным самабытнаму і гнуткаму, неўміручаму і чыстаму, мілагучнаму роднаму слову.
Багацце роднага слова бачыцца ва ўсіх праявах чалавечага жыцця, з якога чэрпаецца ўсё неабходнае для выказвання сваіх думак і меркаванняў, эмоцый і пачуццяў. У кожным самабытным слове – думкі цэлых пакаленняў, іх філасофія, вопыт, назіральнасць, моўнае майстэрства. А чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці Радзіме, з ведання яе гісторыі, культуры, з адчування слова.
Гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю сталі вучні ДУА «Сярэдняя школа № 19 г. Брэста» і ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Брэста».
На калідоры факультэта былі прадстаўлены лакацыі:
«Неруш у прыказках»,
«Неруш у малюнку»,
«Неруш у стравах»,
«Неруш у гульнях»,
«Неруш у паперы»,
«Неруш у паэзіі»,
«Неруш у прыродзе».
«Неруш у стравах» уразіў філфакаўцаў і гасцей «рыбным караваем» з в. Спорава Бярозаўскага раёна. Яго падрыхтавала студэнтка 2 курса Алена Пашкевіч, паведаміўшы пра «Традыцыі прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе і страў на яе аснове», якія унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
На лакацыі «Неруш у паперы» быў праведзены майстар-клас па арыгамі. Студэнты і вучні паспрабавалі самі з паперы вырабляць фігуркі птушак і звяроў, кветкі.
Пагуляць у гульні нашых прабабуль і прадзедаў («Сляпы музыкант», «Вугалькі», «Прарок») госці змаглі на лакацыі «Неруш у гульнях».
Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі асалоду ад мілагучных песень і вершаў, праверылі свае веды падчас займальных віктарын і конкурсаў, напісалі тэлеграму роднай мове.
Сваімі талентамі парадавалі студэнтаў вучні сярэдняй школы № 19. Акрамя песень і вершаў вядомых беларускіх аўтараў, прагучаў і ўласны верш выпускніцы школы Штык Дар’і .
Фестываль «Неруш роднага слова» стаў добрай традыцыяй нашага факультэта. З году ў год ён яднае аматараў роднай мовы, паказвае вобразнасць і адметнасць беларускіх слоў і выразаў, дазваляе паслухаць жывое адметнае маўленне жыхароў з розных куточкаў Брэстчыны.
Падрыхтавалі фестываль выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі і студэнты 3 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)».