Пад зоркай Калесніка

Бягучы навучальны год кафедра беларускай філалогіі нашага ўніверсітэта праводзіць пад зоркай Уладзіміра Калесніка, якому 17 верасня споўнілася б 100 гадоў. Уладзімір Андрэевіч – першы прафесар нашай навучальнай установы, вядомы ў Беларусі вучоны-літаратуразнаўца, пісьменнік, мастак-жывапісец, фотамайстра, удзельнік падпольнага і партызанскага руху ў час Вялікай Айчыннай вайны, Лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР. Роўна сорак гадоў ён адпрацаваў у Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце, узначальваў кафедру беларускай літаратуры, прыкладваў вялікія намаганні для падняцца прэстыжу інстытута, філалагічнай адукацыі, настаўніцкай працы.

28 кастрычніка кафедра беларускай філалогіі правяла юбілейныя Рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні, на якія прыехалі навукоўцы з многіх куточкаў нашай Беларусі, што сведчыць пра вялікае шанаванне асобы Уладзіміра Андрэевіча, яго важкі ўнёсак у нацыянальнае літаратуразнаўства, мастацтва слова, педагогіку.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся Бысюк Р.Р., дырэктар ДУ “Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой»”, выпускнік нашага факультэт; прарэктар па навуковай працы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Будзько А.Я.; дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай літаратуры і журналістыкі Сянькевіч Т.В.

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі выступілі Гетман І.У., кандыдат філалагічных навук, галоўны рэдактар Брэсцкай абласной газеты “Заря”, выпускнік нашага факультэта. Ігар Уладзіміравіч – першы навукоўца, які сваё дысертацыйнае даследаванне прысвяціў аналізу навуковай спадчыны Уладзіміра Калесніка. Гетман І.У. паспрабаваў асэнсаваць здабыткі свайго настаўніка ў кантэксце года гістарычнай памяці. Моўныя адметнасці сусветнавядомай кнігі “Я з вогненнай вёскі” пастараўся прааналізаваць Рачэўскі С.Р., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры прафесійнага развіцця работнікаў адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Станіслаў Рыгоравіч таксама былы вучань Уладзіміра Андрэевіча. Даклад Рачэўскага С.Р. “Голас болю, жывая мова народа ў кнізе А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка “Я з вогненнай вёскі…” выклікаў асаблівую цікавасць студэнтаў і вопытных даследчыкаў.

Доктар філалагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры філалогіі УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт” Белая А.І. асэнсавала біяграфічныя і навукова-творчыя адметнасці Уладзіміра Калесніка і Уладзіміра Караткевіча ў кантэксце пэўных рэгіянальных асаблівасцей. Глыбінёй і арыгінальнасцю навуковага даследавання адзначылася выступленне Шчэрбы С.М., кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускай філалогіі УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”. Яно было прысвечана асэнсаванню эстэтычна-філасофскіх поглядаў У. Калесніка (па кнізе “Ветразі Адысея”).

Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай філалогіі УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна” Мельнікава З.П. у сваім дакладзе паспрабавала вызначыць месца і ролю У.А. Калесніка ў беларускім літаратуразнаўстве другой паловы ХХ стагоддзя.

Тычко Г.К., доктар філалагічных навук, прафесар кафедры перыядычнага друку i вэб-журналiстыкi БДУ прэзентавала слухачам асобу Калесніка як творцы і чалавека ў люстэрку сваёй эпохі. Надзвычай эмацыянальным і глыбока навуковым было выступленне Багдановіч І.Э., кандыдата філалагічных навук, дацэнта, навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”. Яна звярнулася да Уладзіміра Калесніка як даследчыка і публікатара літаратурнай спадчыны Уладзіміра Жылкі.

Хмяльніцкі М.М., кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры кітайскай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прапанаваў удзельнікам канферэнцыі асэнсаванне У.А. Калеснікам творчасці Адама Міцкевіча. Кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік сектара гісторыі беларускай літаратуры ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” Бразгуноў А.У. звярнуўся да асобы Францыска Скарыны і яго асэнсавання ў працах Уладзіміра Калесніка.

У працы сямі секцый актыўны ўдзел прынялі выкладчыкі, настаўнікі, аспіранты, магістранты і студэнты. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых прац.

Уладзімір Сенькавец

Поделиться: