23 студзеня ў межах Тыдня беларускай навукі на факультэце быў арганізаваны круглы стол «“Толькі навука зменіць свет…”: асноўныя накірункі навуковай дзейнасці вучоных філалагічнага факультэта».
Для студэнтаў 1 курса выступіла прафесар, доктар філалагічных навук Зоя Пятроўна Мельнікава, якая расказала маладым філолагам пра Уладзіміра Андрэевіча Калесніка – педагога, вучонага, пісьменніка, пра навуковую школу, што зараз узначальвае, пра маладых вучоных, якія годна працягваюць традыцыі літаратуразнаўцаў і метадыстаў Берасцейшыны. Вучань Зоі Пятроўны Антон Станіслававіч Папоў – аглядальнік выдання «Беларусь сёння» – расказаў пра напісанне дысертацыі пра творчасць Алеся Адамовіча. Алена Сцяпанаўна Кавалюк распавяла пра свой шлях у літаратуразнаўчую навуку, пра напісанне кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай творчасці Івана Мележа. Пра сваіх Настаўнікаў у навуцы – Аляксея Антонавіча Майсейчыка і Мікалая Іванавіча Мішчанчука – расказала Святлана Мікалаеўна Шчэрба. Пра навуковую дзейнасць ў рэчышчы літаратурнай анамастыкі паведаміла Святлана Феадосьеўна Бут-Гусаім.
Спадзяёмся, што ўдзел першакурснікаў у мерапрыемстве дапаможа ім вызначыць Свой шлях у навуку.
Студэнтам факультэта была прэзентавана выстава «Берасцейшчына і берасцейцы ў навуковых працах маладых філолагаў». На выставе былі прадстаўлены артыкулы, прысвечаныя іменаслову твораў берасцейскіх аўтараў, а таксама працы аб гаворках Берасцейшчыны, назвах населеных пунктаў, прозвішчах, імёнах, мянушках берасцейцаў і інш.