Свята беларускага слова, старадаўняга, неўміручага, мілагучнага – фестываль «Неруш роднага слова» – прайшло на філалагічным факультэце 30 лістапада 2021 года. Арганізатары фестывалю – кафедра беларускай філалогіі і студэнты 3 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)».
Мэта фестывалю – паказаць вобразнасць, самабытнасць, адметнасць беларускіх слоў; адкрыць «залацінкі» народнай мудрасці; прадэманстраваць мілагучнасць слова; пачуць жывое слова беларусаў-палешукоў у аўдыя- і відэазапісах.
Гнуткая і цвёрдая, гаючая, спеўная, цёплая, праўдзівая, адвечная, гучная, высокародная беларуская мова прагучала ў песнях, прыпеўках, загадках, вершах, а таксама ў імпрэзе па творы В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» (тэатральны гурток «Эпізод Ў-нескладовік», мастацкі кіраўнік – С.М. Шчэрба).