Тыдзень роднай мовы

З 20 па 24 лютага 2023 года на філалагічным факультэце праводзіўся традыцыйны Тыдзень роднай мовы. У межах тыдня выкладчыкамі кафедры беларускай філалогіі быў праведзены шэраг мерапрыемстваў.

Пачаўся Тыдзень роднай мовы  прэзентацыяй навукова-метадычных набыткаў кафедры беларускай філалогіі. Выкладчыкі пазнаёмілі студэнтаў з выданнямі кафедры, раскрылі іх пазнавальна-выхаваўчы патэнцыял, звярнулі ўвагу на аспекты іх практычнага прымянення ў вучэбнай і навуковай дзейнасці філолагаў – будучых настаўнікаў. Прафесар, доктар філалагічных навук З.П. Мельнікава прэзентавала калектыўную манаграфію “Беларуская проза ХХ – ХХІ стст.: героі, паэтыка, аксіялогія”, рэдактарам якой яна з’яўляецца. Дацэнты кафедры Г.М. Ішчанка, А.С. Кавалюк, Л.В. Леванцэвіч і аспірант А.С. Папоў падзяліліся са студэнтамі сваімі навукова-метадычнымі працамі, заклікалі слухачоў да навуковых пошукаў і здзяйсненняў.

У гэты ж дзень на базе аддзела перыядычных выданняў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага была праведзена  віктарына “Часопіс – крыніца ведаў” для студэнтаў 3 курса  спецыяльнасці “Беларуская філалогія”.

Студэнтам прапанаваны былі артыкулы з перыядычных выданняў на філалагічную тэматыку. Кожнай камандзе трэба было прачытаць артыкул, сфармуляваць пытанні, на якія павінна была адказаць іншая каманда. Ацэньваўся як сам адказ на пытанне, так і ўдакладненне і тлумачэнне   яго камандай, якая задавала пытанне. Для прыкладу: камандзе былі прапанавы пытанні, што такое борць, калода, стойла, блізняк, знамя і з якім відам дзейнасці звязаны гэтыя словы; калі існаваў “мядовы век” на Беларусі і з чым гэта звязана. Студэнты спрабавалі ўзгадаць, якія звесткі сведчаць пра тое, што “Пінскую шляхту” напісаў не Віцэнт Дунін-Марцінкевіч. Таксама трэба было назваць модныя навінкі жаночага гардэробу ХІХ ст. і патлумачыць асаблівасці выкарыстання прадмета і значэнне слоў.

            Прайшоў конкурс эрудытаў “Грані слова”, у якім узялі ўдзел  студэнты 1 курса спецыяльнасці “Руская філалогія”. Удзельнікі конкурсу рашалі “гукавыя прапорцыі”, характарызавалі фанетычныя працэсы, тлумачылі значэнні спрадвечнабеларускіх і запазычаных слоў, раскрывалі значэнні фразеалагізмаў, да рускіх фразеалагізмаў падбіралі беларускі адпаведнікі. Пераможцамі конкурсу сталі наступныя студэнты: 1 месца – Астроўскі Антон; 2 месца – Ракіцкая Паліна; 3 месца – Юхімук Сафія.

Былі арганізаваны выставы: “Мова цікава, займальна…”; “Пісьменнікі-юбіляры – 2023”; “Не ведае межаў краса…”: выстава малюнкаў вучняў нядзельнай школы праваслаўнага прыходу Брацкага храма ў гонар Свяціцеля Цудатворца Мікалая, удзельнікаў творчага праекта студэнтаў філалагічнага факультэта “Само слова гаворыць”: папулярызацыя нацыянальнай афарыстычнай спадчыны”.

21 лютага сярод студэнтаў філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Беларуская філалогія” прайшоў конкурс “Так лёгка рыфмуецца…”. Удзельнікі конкурсу пісалі чатырохрадкоўі на разнастайныя тэмы: прырода, поры года, пачуцці, сям’я, Радзіма і інш. Вось некаторыя з іх:

Каханне – гэта вясна,

Каханне – гэта і восень.

Толькі апала ліства –

Хмарай каханне зносіць.

Букет цудоўных кветак

Дадому прынясу.

Няхай жыве, гуляе лета,

Яму я дзверы адчыню.

22 лютага на 2 курсе спецыяльнасці “Беларуская філалогія дацэнтам Касцючык В.М. былі падведзены вынікі напісаных эсэ “Мова – гэта душа нацыянальная народа…”. У сваіх творчых працах студэнты дзяліліся шчырымі словамі-прызнаннямі пра неабходнасць захавання самай дарагой духоўнай спадчыны беларускага народа – яго мовы, указвалі на яе непаўторнасць і адметнасць у параўнанні з іншымі мовамі, падкрэслівалі яе значнасць у жыцці беларусаў. Пры падвядзенні вынікаў улічваліся глыбіня, аргументаванасць раскрыцця тэмы, звязнасць і паўната доказаў, уменне рабіць высновы, стройнасць кампазіцыі, самастойны характар працы, арыгінальнасць трактоўкі праблемы і, вядома ж, маўленчае афармленне. Лепшымі былі прызнаны эсэ Саўчук Дар’і, Зарэцкай Анастасіі, Чапайла Ангеліны.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча  з  выпускніком філалагічнага факультэта настаўнікам-метадыстам М.І. Навумчыкам, праведзены конкурс крыжаванак “Смак беларускага слова”.

23 лютага прайшла літаратурная вечарына  “З любоўю, надзеяй і вераю”  (да 70-годдзя М.М.Аляхновіча). Родная зямля, Беларусь, Айчына, Бацькаўшчына – гэта былі не проста словы для Міколы Аляхновіча. Гэта было яго жыццё – жыццё дзеля шчасця на роднай зямлі, якая была гаючай крыніцай, скарбніцай душэўных і духоўных сіл.

Ды ўсякі раз, калі жыцця вясло

Выкідвае мой човен на каменні,

Глыбінным абуджаюся цяплом,

Што родная зямля мая праменіць.

Мікола Аляхновіч скончыў наш факультэт, доўгі час быў намеснікам дэкана, дэканам, загадчыкам кафедры. Пры яго кіраўніцтве факультэт дасягнуў свайго росквіту: былі адкрыты 4 спецыяльнасці. Акрамя беларускай і рускай моў, вывучаліся англійская, украінская і польска мовы, а таксама гісторыя. Мікола Аляхновіч умеў сябраваць, з павагай і інтэлігентнасцю ставіўся да кожнага з калег і да студэнтаў.

Мікола Аляхновіч – пачынальнік беларусістыкі ў Будапешцкім універсітэце Венгрыі. Пра гэта паведала кандыдат філалагічных навук, дацэнт, выкладчык Будапешцкага ўніверсітэта Ларыса Фёдараўна Станкевіч, якая абараніла сваю кандыдацкую дысертацыю пад кіраўніцтвам Міколы Аляхновіча.

Мікола Аляхновіч вельмі тонка адчуваў слова, умеў віртуозна карыстацца ім, што неаднаразова заўважалі даследчыкі яго творчасці. Да якіх адносіцца прафесар, доктар філалагічных навук Зоя Пятроўна Мельнікава.

Можа і вярба таму так гожа

Прынявесцілася ў гэты час,

Завушніцамі ўвесь свет прыгожыць

І на свята запрашае нас.

Плённа сумяшчаў Мікола Аляхновіч навуковую і творчую працу, быў галоўным рэдактарам літаратурнага альманаха “Жырандоля”, падтрымліваў творчыя намаганні берасцейскіх аўтараў. Пра гэта распявёў Мікола Іванавіч Сянкевіч.

Каб кожны міг жыцця свайго зямнога

Мы пражылі без страху і трывогі,

Бо і жыццё ў сусвеце – толькі міг,

І ў ім навечна застанёмся мы.

Для першакурснікаў спецыяльнасці БФ быў арганізаваны лінгвістычны конкурс “Не проста ў словы мы гуляем – на роднай мове размаўляем”. Тры каманды праверылі свае веды па фразеалогіі, палеаграфіі, гісторыі слова, паспрабавалі сябе ў вершаскладанні. Мерапрыемства прадэманстравала высокія інтэлектуальныя здольнасці студэнтаў. На перапынках студэнты і выкладчыкі факультэта чыталі вершы пра родную мову і байкі беларускіх класікаў. На базе студэнцкага інтэрната прайшоў вечар беларускай паэзіі.

Завярўшыўся Тыдзень роднай мовы літаратурнай вечарынай “Пароль неўміручасці – родная мова”. Мерапрыемства падрыхтавалі студэнты 1 і 2 курсаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Студэнты чыталі вершы слынных беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове. Гэта былі вершы-прызнанні ў любові да беларускага слова, прасякнутыя шчырым клопатам пра будучыню роднай мовы. Асаблівы лірычны настрой у слухачоў стварылі песні “Па-над белым пухам вішняў…” і “Я дзяўчыначка, беларусачка…” ў выкананні студэнтак І курса Карабейка Аляксандры і Крупскай Ліі. Такая вечарына, па прызнанні студэнтаў, прымушае яшчэ выразней адчуць  важнасць беларускай мовы ў жыцці грамадства, садзейнічае фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, паважлівых адносін да роднай мовы і ў цэлым да культурнай спадчыны нашага народа.

Кафедра беларускай філалогіі

Поделиться: