Актуальныя накірункі пазакласнай працы: арганізацыя навуковых даследаванняў студэнтаў і вучняў

10 красавіка 2013 года кафедра беларускага мовазнаўства вітала на філалагічным факультэце ўдзельнікаў навукова-практычнага семінара “Актуальныя накірункі пазакласнай працы: арганізацыя навуковых даследаванняў студэнтаў і вучняў”.

Навукова-даследчая праца з’яўляецца неад’емнай часткай сучаснага адукацыйнага працэсу не толькі вышэйшых навучальных устаноў, але і школ, гімназіяў, ліцэяў. У сувязі з гэтым актуальнымі былі і застаюцца пытанні арганізацыі даследча-пошукавай працы, шляхі матывацыі да напісання навуковых прац, прэзентацыя і выкарыстанне атрыманых вынікаў. Важным у фарміраванні прафесійных кампетэнцый будучых настаўнікаў з’яўляецца ўменне арганізаваць працу з навучэнцамі, таму да ўдзелу ў семінары былі запрошаны творчыя настаўнікі Берасцейшчыны.

Студэнты маглі пазнаеміцца з вопытам навукова-даследчай працы настаўнікаў Маскоўскага аддзела адукацыі г. Брэста, які прэзентавала намесніца загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага аддзела адукацыі г. Брэста Ніна Сцяпанаўна Дрык.

Студэнты прынялі ўдзел у абмеркаванні праблемы падрыхтоўкі навуковых даследаванняў вучнямі рознага ўзросту. Добрым прыкладам сталі прэзентацыі-выступленні Рэнаты Гілязавай, вучаніцы 3-га класа СШ № 3 г. Брэста, і Карыны Савасцеевай, вучаніцы 8-га класа гімназіі № 6 г. Брэста.

Творчым вопытам арганізацыі працы з навучэнцамі падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава Лідзія Аляксееўна Рабчынская. Для студэнтаў карысна было пазнаеміцца з асаблівасцямі працы над навуковымі даследаваннямі, абмеркаваць пытанні, звязаныя са спецыфікай працы навуковага кіраўніка.

Незвычайную зацікаўленасць і ажыўленне, а таксама захапленне студэнтаў выклікала выступленне Галіны Васільеўны Скарыны, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры г. Белаазерска, выдатніка адукацыі, пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Ноўтбук – актыўнаму настаўніку”. Выхаванцы Галіны Васільеўны з’яўляюцца дыпламантамі навуковых канферэнцый і конкурсаў рознага рангу. Каштоўным была як прэзентаваная метадалогія працы над навуковым даследаваннем, так і прэзентацыя здзейсненых навуковых праектаў, якія звязаны найперш з мовай, культурай Берасцейшчыны, Бярозаўшчыны.

Знаемства з вопытам працы творчых настаўнікаў было карысным і для прысутных на семінары настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, і для студэнтаў, якія працуюць над курсавымі працамі, рыхтуюцца стаць настаўнікамі, кіраўнікамі даследча-пошукавай працы.

Кафедра беларускага мовазнаўства

Поделиться: