Фестываль «Неруш роднага слова – 2022»

Першы зімовы дзень філфакаўцы сустрэлі фестывалем «Неруш роднага слова», прысвечаным самабытнаму і гнуткаму, неўміручаму і чыстаму, мілагучнаму і роднаму слову. Багацце роднага слова бачыцца ва ўсіх праявах чалавечага жыцця, з якога чэрпаў ён усё неабходнае для выказвання сваіх думак і меркаванняў, эмоцый і пачуццяў. У кожным самабытным слове – думкі цэлых пакаленняў, іх філасофія, вопыт, назіральнасць, моўнае майстэрства. А чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці Радзіме, з ведання яе гісторыі, культуры, з адчування слова.

Гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю сталі вучні СШ № 19 і СШ № 8 г. Брэста.

На калідоры факультэта былі прадстаўлены лакацыі «Неруш у прыказках», «Неруш у малюнку», «Неруш у стравах», «Неруш у гульнях», «Неруш у паперы», «Неруш у паэзіі», «Неруш у прыродзе».

«Неруш у стравах» уразіў філфакаўцаў і гасцей «рыбным караваем» з в. Спорава Бярозаўскага раёна. Яго падрыхтавала студэнтка II курса Алена Пашкевіч. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесена «Традыцыі прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе і страў на яе аснове».

На лакацыі «Неруш у паперы» быў праведзены майстар-клас па арыгамі. Студэнты і вучні паспрабавалі самі з паперы вырабляць фігуркі птушак і звяроў, кветкі.

Пагуляць у гульні нашых прабабуль і прадзедаў («Сляпы музыкант», «Вугалькі», «Прарок») госці змаглі на лакацыі «Неруш у гульнях».

Усе госці фестывалю атрымалі асалоду ад мілагучных песень і вершаў, праверылі свае веды падчас займальных віктарын і конкурсаў, напісалі тэлеграму роднай мове.

Сваімі талентамі парадавалі студэнтаў вучні сярэдняй школы № 19. Акрамя песень і вершаў вядомых беларускіх аўтараў, прагучаў і ўласны верш выпускніцы школы Штык Дар’і.

Фестываль «Неруш роднага слова» стаў добрай традыцыяй нашага факультэта. З году ў год ён яднае аматараў роднай мовы, паказвае вобразнасць і адметнасць беларускіх слоў і выразаў, дазваляе паслухаць жывое адметнае маўленне жыхароў з розных куточкаў Брэстчыны.

Падрыхтавалі фестываль выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі і студэнты III курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)».

Поделиться: