ІІ Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Фальклор, гісторыя і літаратура беларусаў у культурнай спадчыне славян»

22 кастрычніка 2013 года адбылася ІІ Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Фальклор, гісторыя і літаратура беларусаў у культурнай спадчыне славян», арганізатарамі якой з’яўляліся кафедра беларускага літаратуразнаўства (загадчык – кандыдат філалагічных навук, дацэнт У.А.Сенькавец), вучэбная фальклорна-краязнаўчая лабараторыя (кіраўнік – доктар філалагічных навук, прафесар І.А.Швед), кафедра гісторыі славянскіх народаў (загадчык – доктар гістарычных навук, дацэнт А.М.Вабішчэвіч).

Канферэнцыя была прымеркавана да 70-годдзя Ніны Мацяш. Акрамя студэнтаў і магістрантаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, непасрэдны ўдзел у працы канферэнцыі прынялі студэнты і маністранты БДУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і іншых ВНУ Рэспублікі Беларусь.

Пры адкрыцці канферэнцыі ў асветніцка-адукацыйным цэнтры імя У.А.Калесніка студэнты філалагічнага факультэта прадэманстравалі ў выглядзе мастацкіх выступленняў папярэднія вынікі палявых даследаванняў вучэбнай фальклорна-краязнаўчай лабараторыі пад кіраўніцтвам прафесара І.А.Швед. Удзельнікам і гасцям паказалі музычна-фальклорную кампазіцыю “Багач”, прэзентацыю Брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”.

Змест дакладаў на пленарным і 5 секцыйных пасяджэннях ахопліваў наступныя праблемна-тэматычныя блокі: ідэйна-мастацкае багацце міфапаэтычнай спадчыны беларусаў; актуальныя пытанні гісторыі беларусаў ў славянскім кантэксце; рэгіянальная і сусветная літаратура: інтэртэкстуальнае вымярэнне; праблемы сучаснай журналістыкі; этналінгвістыка і актуальныя праблемы беларускага мовазнаўства. Нягледзячы на шырокі тэматычны дыяпазон, усе выступленні былі заснаваны на разнастайных крыніцах (матэрыялах палявых даследаванняў, архіўных і інш.), многія з іх закранулі новыя аспекты гісторыі, літаратуры, культуры Беларусі і Берасцейшчыны, што выклікала цікаўнасць да іх з боку ўдзельнікаў канферэнцыі, спрыяла ажыўленай дыскусіі.

Аргкамітэт канферэнцыі

Поделиться: