Кацярына Мізерыя: “Хачу быць выкладчыкам у вышэйшай навучальнай установе”

Ты нездарма равеснік Перамогі,
Равеснік мужнасці, народнага святла.
Ты адкрываеш новыя дарогі,
Адна з іх і мяне сюды вяла.

Гэтыя цудоўныя радкі пра наш універсітэт належаць рэдактару рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Кацярыне Мізерыі. Дзяўчына скончыла філалагічны факультэт БрДУ, піша вершы і не ўяўляе сваё жыццё без тэксту. Яна з задавальненнем расказала пра свой творчы і прафесійны шлях.

– Кацярына, ва ўніверсітэце ўсе ведаюць Вас як паэтку. Напэўна, Вы займаецеся творчасцю з дзяцінства. Якім яно было, раскажыце, калі ласка?
– Я нарадзілася ў Брэсце, але большую частку свайго жыцця правяла ў Кобрыне. У гэтым невялічкім горадзе, які знаходзіцца недалёка ад абласнога цэнтра, мае бацькі знайшлі працу, якая ім па душы. Яны займаюць кіруючыя пасады.
Я вучылася ў сярэдняй школе № 8. Любіла вязаць, цікавілася замежнымі мовамі. У школе была сур’ёзная падрыхтоўка па англійскай мове. Я і зараз нядрэнна валодаю ёю. Настаўнікі памятаюць мяне актыўнай дзяўчынай, таму што я часта ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах.
Любіла вывучаць мовы. Але, шчыра скажу, беларуская мова спачатку мне не падабалася. Усё змяніла настаўніца Людміла Васільеўна Жарын, якая перадала мне і іншым вучням свой агеньчык любові да нашай роднай мовы. Удзельнічала ў алімпіядах і займала прызавыя месцы. Вось гэтыя абставіны паўплывалі на выбар прафесіі і прывялі мяне на філалагічны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Дарэчы, ў дзявятым класе мы пісалі сачыненне пра будучую прафесію. Я напісала, што хачу працаваць з беларускай мовай, але не ведаю, у якім русле. Калі здавала ўступныя экзамены, таксама не ведала. Але адно для мяне было ясна – буду працаваць з тэкстам.

– Вы памятаеце першыя дні на філалагічным факультэце?
– Цудоўна памятаю. Хачу расказаць такую гісторыю. Для мяне філфак пачаўся з усмешкі Алены Сцяпанаўны Кавалюк. І было гэта яшчэ да студэнцкіх гадоў. Калектыў філфака БрДУ прыязджаў у Кобрын з прафарыентацыйным мерапрыемствам. Людміла Васільеўна Жарын павяла мяне да Зоі Пятроўны Мельнікавай, у якой вучылася. Зоя Пятроўна многа расказвала пра  філфак, а Алена Сцяпанаўна па-добраму ўсміхалася.

 

– Якім было студэнцкае жыццё?
– Яно было яркім. Па-першае, мне падабалася вучыцца, лекцыі і практычныя заняткі захоплівалі мяне. Па-другое, было шмат мерапрыемстваў. Усе ведалі, што я згодная выступаць на сцэне. Я ўдзельнік і пераможца шматлікіх конкурсаў: “Аўтограф”, “Я знаю силу слов”, “Таямніцы слова і думкі” і іншых.
Мне больш блізкае мовазнаўства, але дыпломную работу пісала па літаратуры дваццатага стагоддзя. Па мове была курсавая пад кіраўніцтвам Святланы Феадосьеўны Бут-Гусаім. Вось гэты тандэм мне сапраўды спадабаўся! Святлана Феадосьеўна – маё філалагічнае сонейка. Сувязь з ёй я адчула, калі яна выкладала ў нас анамастыку. Назаўжды запомніла яе прывітанне: “Добрай раніцы, шаноўнае спадарства!” Гэтыя словы чамусьці кранаюць мяне.
На занятках я не саромелася чытаць свае вершы. Ацэнка выкладчыкаў для мяне была вельмі важнай. Уладзімір Адамавіч Сенькавец крытыкаваў тэмы маіх вершаў. Але першы павіншаваў мяне з публікацыямі ў рэспубліканскай газеце “Літаратура і мастацтва” і часопісе “Маладосць”.
Зараз успомніла паступленне. З адзінаццатага класа пачала пісаць толькі на беларускай мове і на экзамене, які здавала ва ўніверсітэце, прачытала свой верш. Са мной многа размаўляла Зоя Пятроўна Мельнікава, а вось Уладзімір Адамавіч сказаў усяго адну фразу, але якую: “Вы павінны стаць вядомай паэткай”. Лічу, што благаславіў.

 

– Кацярына, Вас размеркавалі рэдактарам у вышэйшую навучальную ўстанову. Шкадуеце, што не ў школу?
– У рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле працую яшчэ з чацвёртага курса. На гэтае месца па размеркаванні павінна была ісці мая аднагрупніца, але ў яе нешта не атрымалася, і яна прапанавала маю кандыдатуру.
У нас цудоўны калектыў. Я перажывала, як мяне, маладога спецыяліста, прымуць. Але да мяне ставяцца амаль як да роўнай, дапамагаюць, калі нешта не атрымліваецца. Адна з першых прац, якую я рэдагавала, – матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі “Калеснікаўскія чытанні”. Я сама ўдзельнічала ў іх. Было прыемна зноў звярнуцца да гэтых матэрыялаў. Дарэчы, я атрымала дыплом аб заканчэнні ВНУ ў год стагоддзя Уладзіміра Калесніка.
Я бачу, што мне пакуль не хапае вопыту, прапускаю памылкі з-за няўважлівасці. Часам узнікаюцць сумнені, і я, ведаючы, як павінна быць, усё роўна праўлю няправільна.
Мая праца мне падабаецца. Не буду хітрыць, часам цяжка, часам надакучвае. Але я заўсёды марыла працаваць з тэкстам. Што да школы, то на практыцы я вяла заняткі ва ўстанове сярэдняй адукацыі. Мне вельмі спадабалася. На падвядзенні вынікаў практыкі ва ўніверсітэце сказала: “Гэта мае дзеці”. Як далей будзе складвацца лёс, пакажа час. Калі прыйдзецца працаваць у школе, з задавальненнем буду вучыць юнае пакаленне. Ведаю, што гэта цяжка, але я не баюся.

 

– Прапаную звярнуцца да творчасці больш дэтальна. На якія тэмы Вам падабаецца пісаць больш за ўсё?
– Я ўжо напісала каля пяцісот вершаў. Свой творчы шлях пачынала з грамадзянскай лірыкі. Гэта былі ўзнёслыя вершы пра радзіму, родныя мясціны, мову. Потым тэмы змяніліся. У студэнцкія гады я больш увагі надавала філасофскай лірыцы і пісала пра першае каханне, закранала маральна-этычныя тэмы. Зараз пішу на тэму творчасці, творчага палёту, паэта і паэзіі.

– Думаю, не многія ў Вашым узросце могуць пахваліцца тым, што супрацоўнічаюць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Падзяліцеся сакрэтам, калі ласка, як Вы наладзілі такія сувязі.
– Студэнтка з майго патоку Марыя Навумчык прывяла мяне у  літаратурнае аб’яднанне “Адкрыццё”, якім кіравала Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк. Гэтае аб’яднанне працавала пры падтрымцы Саюза пісьменікаў Беларусі.  Зінаіда Іосіфаўна здавалася мне вельмі патрабавальнай. Мяне заўсёды хвалілі, а ад яе прагучала: “Ты гэта лічыш паэзіяй?” Было балюча. Але праз два месяцы Зінаіда Іосіфаўна змяніла гнеў на міласць і прадстаўляла мяне як таленавітага аўтара. Сёння яна ставіцца да мяне з павагай і называе надзеяй беларускай літаратуры.

– Кацярына, я, відаць, не памылюся, калі выкажу меркаванне, што ў такой маладой, таленавітай, актыўнай дзяўчыны шмат планаў.
– Зараз я распрацоўваю зборнік вершаў. Старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Анатольеўна Дземідовіч знайшла мне рэдактара. Усё павінна атрымацца. Таксама планую прэзентацыю зборніка. Мяркую, што вывучу французскую мову, таму што перад вачыма прыклад таты, якога ў Францыі прымаюць за француза.
Магчыма, прагучыць нясціпла, але хачу быць выкладчыкам у вышэйшай навучальнай установе. На роднай кафедры.

Нехта казаў, што чалавек – гэта пясчынка ў свеце. Калі гэтыя пясчынкі будуць такімі ж светлымі, натхнёнымі, узнёслымі, як Кацярына Мізерыя, то і свет, падзеі ў ім будуць добрымі.

Юлія Воўк
Фота з архіва Кацярыны Мізерыі

Поделиться: