Конкурс прамоўніцкага майстэрства «Майстар слова - 2015»

13 мая 2015 года адбыўся традыцыйны, ужо 12-ы, адкрыты ўніверсітэцкі конкурс аратарскага майстэрства «Майстар слова». Яго арганізатары – кафедра агульнага і рускага мовазнаўства, аддзел выхаваўчай працы з моладдзю, студэнцкі клуб і прафсаюзны камітэт студэнтаў.

Удзельнікамі конкурсу сталі 24 студэнты сямі факультэтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна, а таксама прадстаўнікі чатырох ліцэяў і гімназій г. Брэста.

Конкурс праходзіў у тры этапы. Першы – загадзя падрыхтаванае вуснае публічнае выступленне на тэму «Свет моладзі. Моладзь у свеце». Тэматыка выступленняў удзельнікаў была самай разнастайнай: 70-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, падзеі ў сучаснай Украіне, крытычная дэмаграфічная сітуацыя ў нашай краіне, прафесія настаўніка, моладзевыя субкультуры, валанцёрства, стаўленне моладзі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, залежнасць юнакоў і дзяўчат ад Інтэрнэту, культура іх зносін у сацыяльных сетках і інш. Радуе тое, што ўсе выступленні канкурсантаў былі шчырымі і цікавымі.

Дзесяць лепшых канкурсантаў выйшлі ў фінал – ён праходзіў у рэжыме рыторыкі хуткага рэагавання. У другім конкурсе пад назвай «Ваша меркаванне», адказваючы на пытанні ў выбраных намінацыях – «Палітыка», «Культура», «Забавы», «Інтэрнэт», «Літаратура», «Спорт», «Гісторыя», удзельнікі прадэманстравалі сваё ўменне даваць аргументаваны адказ, лаканічна і граматна будавалі сваю прамову. У трэцім конкурсе – «Мудрасць – навука жыцця» – канкурсанты прапанавалі свае варыянты заканчэння выказванняў вядомых людзей.

У выніку па-сапраўднаму напружанай барацьбы пераможцамі конкурсу сталі:

сярод студэнтаў:

1-е месца – Азімка Кірыл (юрыдычны факультэт),
2-е месца – Мазурова Дар’я (біялагічны факультэт) і Лізуноў Кірыл (факультэт замежных моў),
3-е месца – Анішчанка Крысціна і Талашко Юлія (факультэт замежных моў);

сярод вучняў:

1-е месца – Барысюк Яўген (абласны ліцэй імя П.М. Машэрава),
2-е месца – Куцэвіч Антон (ліцэй № 1 імя А.С. Пушкіна),
3-е месца – Ялавы Павел (гімназія № 4).

Акрамя таго, у намінацыі «Удалы дэбют» узнагароду атрымала студэнтка філалагічнага факультэта Багацеева Яўгенія, у намінацыі «Эмацыянальнае ўзаемадзеянне з аўдыторыяй» адзначаны студэнт філалагічнага факультэта Сідарук Віктар. Уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый стала Кавальчук Надзея, студэнтка псіхолага-педагагічнага факультэта.

Віншуем пераможцаў!

Як і ў папярэднія гады, студэнты – пераможцы конкурсу «Майстар слова», а таксама адзін з пераможцаў універсітэцкага конкурсу прамоўніцкага майстэрства замежных студэнтаў «Вучуся красамоўству», які прайшоў у сакавіку, прадставяць Брэстчыну на Міжнародным конкурсе аратарскага майстэрства «Цыцыроній-2015» (на базе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь). Пажадаем ім поспеху.

«Майстар слова» – ужо не проста конкурс, што выяўляе найлепшых майстроў слова сярод студэнтаў розных спецыяльнасцей, а адна з добрых традыцый Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Хай гэтая традыцыя мацнее і працягваецца!

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Поделиться: