«Летапіс спадчыны – падмурак будучыні»

16 красавіка 2023 г. прафесар Іна Анатольеўна Швед і студэнты філалагічнага факультэта прымалі ўдзел у святочным мерапрыемстве «Летапіс спадчыны – падмурак будучыні», прымеркаваным да 10-годдзя з дня стварэння Брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс». У гасцінным Доме культуры аг. Чэрні, дзе праходзіла мерапрыемства, гучалі аповеды і вершы, паведамленні і песні, прысвечаныя айчыннай мінуўшныне і сучаснасці, прызнанню ў любові да славутай Берасцейскай зямлі, выконваліся традыцыйныя танцы і аўтэнтычная музыка. Мясцовымі майстрамі была наладжана выстава выдатных вырабаў народнага мастацтва. Выступоўцы (намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Павел Валынец, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама Ларыса Балашова, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Таццяна Дземідовіч, натхняльнік і рэдактар альманаха Аляксандр Валковіч, супрацоўнікі ДУК «Брэсцкая раённая бібліятэчная сетка», настаўнікі і многія іншыя) падкрэслілі важнасць медыйнага асвятлення краязнаўчай і фальклорнай працы. У гэтай працы чынны ўдзел пад кіраўніцтвам І. Швед бралі студэнты філалагічнага факультэта БрДзУ імя А.С. Пушкіна. Публікацыі і студэнтаў, і І. Швед прысутнічаюць ва ўсіх 40 нумарах выдання, якое было названа «ўзорам выхаваўчай работы, узорам выкарыстання праблематыкі гістарычнай памяці ў выхаванні моладзі, увогуле грамадства» (К. Лешніца).

  

За рэалізацыю творчых праектаў, значны асабісты ўнёсак у патрыятычнае выхаванне моладзі, памнажэнне нацыянальных культурных здабыткаў навуковы кансультант выдання І. Швед была ўзнагароджана Падзякай Брэсцкага райвыканкама, а за пісьменнае навуковае суправаджэнне альманаха – Граматай ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Лабараторыя «Фалькларыстыка і краязнаўства» філалагічнага факультэта

Поделиться: