Неруш роднага слова

6 снежня на філалагічным факультэце прайшоў традыцыйны фестываль “Неруш роднага слова”. Яго мэтамі з’яўляюцца выхаванне пачуцця годнасці за нацыянальную духоўную і моўную культуру беларускага народа; выяўленне найбольш здольных студэнтаў з развітым лінгвістычным мысленнем, якія валодаюць моўным пачуццём; прэзентацыя нацыянальнай адметнасці беларускай мовы і прывіццё маладым людзям сапраўднай культуры мовы.

Фестываль пачаўся працай пляцовак: “Жывое слова ў загадцы”, “Гаваркое слова ў прыродзе” (конкурс на лепшую кампазіцыю з прыроднага матэрыялу і конкурс на лепшую назву кампазіцыі), “Печыва беларусаў” (конкурс на лепшае печыва і конкурс на лепшую назву печыва), “Ой, бывала заспяваю…” (конкурс частушак, складзеных удзельнікамі фестывалю), “Само слова гаворыць” (конкурс афарыстычных выразаў у малюнку), “Таямніцы спораўскіх ваколіц” (краязнаўчая прэзентацыя рэгіёна для студэнтаў першага курса факультэта прыродазнаўства), прэзентацыя народных традыцый і культуры Брэстчыны (для студэнтаў першага курса філалагічнага факультэта).

 

Фестываль завяршыўся мастацкай кампазіцыяй “Неруш роднага слова”. Гучала жывое, гаваркое слова – у песні, у вершы, у п’есе, у загадцы, ва ўстойлівым выразе. Слова не прадуманае, не прапушчанае праз сэрца можа нарабіць бяды, а ў лепшым выпадку выклікаць незадавальненне. І тады кажуць: “вярзе абы-што” або “мянціць языком як вятрак крыламі”.

“Неруш” шукалі студэнты падчас дыялекталагічнай практыкі, і ўрыўкі жывога народнага беларускага маўлення былі агучаны студэнтамі.

Вядома, што гістарычная памяць як падмурак для бацькоўскай хаты, якая дала надзейную дарогу ў свет, як глеба для нашых духоўных каранёў. У слове захоўваецца матэрыяльная і духоўная культура пэўнага народа. Галоўнай крыніцай вывучэння традыцыйнай культуры з’яўляецца іменна мова. На фестывалі была прадстаўлена самабытная адметная культура вёскі Спорава Бярозаўскага раёна. А гэта – фестывалі “Спораўскія жарты” і “Спораўскія сенакосы”; помнікі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны – танец “Побытавы танец “Спораўская полька”” і “Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове” ў вёсках Здзітава, Пескі, Спорава і Хрыса Бярозаўскага раёна; біялагічны запаведнік “Спораўскі”.

Фестываль прайшоў, але не завяршыўся… Удзельнікі конкурсаў чакаюць вынікаў. Дзякуем усім удзельнікам нашых мерапрыемстваў і спадзяёмся на наступныя плённыя сустрэчы!

Кафедра беларускай філалогіі

Поделиться: