Падарожжа па філалагічнаму факультэту

У рамках Тыдня беларускай мовы, прысвечанага 130-й гадавіне з дня нараджэння М. Багдановіча, 6 снежня 2021 года вучні 5 “А” і “Б” класаў ДУА “Сярэдняя школа № 19 г. Брэста” трапілі ў падарожжа па філалагічнаму факультэту Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Яго правяла кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Кавалюк Алена Сцяпанаўна. Яна сустрэла гасцей ля партрэта М. Багдановіча, разам згадалі вядомыя вершы паэта-юбіляра. Вучні наведалі Адукацыйна-асветны цэнтр імя У.А. Калесніка, пазнаёміліся з асобай і творамі вядомага вучонага, пісьменніка, ветэрана Вялiкай Айчыннай вайны, з яго асабістай бібліятэкай, кнігамі берасцейскіх аўтараў і мастакоў слова з Беласточчыны.

  

Больш за ўсё пяцікласнікаў уразіла экспазіцыя ў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі, экспанаты для якой збіраліся студэнтамі і выкладчыкамі не адзін год. Усе яны выраблены ўручную і выпраменьваюць энергетыку мінулага. Дзеці далучыліся да матэрыяльнай культуры беларусаў. Яны з цікавасцю слухалі, як жылі нашы продкі, спрабавалі здагадацца, для чаго выкарыстоўваліся тыя ці іншыя прылады. Аказалася, што некаторымі з іх родзічы ў вёсках карыстаюцца і сёння. Падарожжа па філалагічнаму факультэту аказалася змястоўным і пазнавальным. Яно было накіравана на абуджэнне гонару за таленавітых і майстравітых беларусаў, цікавасці да філалогіі.

  

Кафедра беларускай філалогіі

Поделиться: