Прэзентацыя манаграфіі аб званах і іх звоне

22 мая 2015 г. на гістарычным факультэце адбылася прэзентацыя манаграфіі этнамузыказнаўцы-кампанолага, сапраўднага члена Асацыяцыі звонавага мастацтва Расіі, кандыдата мастацтвазнаўства Алены Генадзьеўны Шацько (г. Мінск), у якой удзельнічалі выкладчыкі, студэнты спецыяльнасцей «Гісторыя (рэлігій)» і «Гісторыя. Рэлігіязнаўства». Кніга «Званы і звоны праваслаўных храмаў заходніх рэгіёнаў Беларусі: гісторыя і сучаснасць» (Беласток, 2014) з’явілася вынікам яе шматгадовых палявых даследаванняў, пошукаў матэрыялаў у архівах Беларусі і замежных краін.

У апошні час А.Г. Шацько прапануе ўнесці ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА 24 праваслаўныя храмы заходнебеларускага рэгіёна (найбольшая колькасць з іх знаходзіцца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці), дзе захаваліся старадаўнія званы і ўнікальная традыцыя звону. Выступленне аўтара пра няпростую гісторыю званоў, іх сучасны стан суправаджалася фрагментамі дакументальнага фільма беларускага рэжысёра Л. Клінцовай «Магія гука або пра што звоніць звон» (2013), уласнымі відэазапісамі і фота з экспедыцый. Падчас прэзентацыі загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч адзначыў актуальнасць вывучэння традыцый перазвону ў праваслаўных храмах заходніх абласцей Беларусі, якія перадаваліся званарамі з пакалення ў пакаленне. Усе прысутныя пажадалі поспехаў аўтару ў далейшым вывучэнні і захаванні гэтай унікальнай культурнай з’явы.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Поделиться: