Сустрэча работнікаў і студэнтаў з Першым сакратаром Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Херарда Эстрада Марцінесам

28 мая 2015 года ва ўніверсітэце адбылася сустрэча работнікаў і студэнтаў з Першым сакратаром Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь, каардынатарам лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара Херарда Эстрада Марцінесам. Гэта быў трэці візіт дыпламата ў нашу навучальную ўстанову, пачынаючы з 2010 года. Херарда Эстрада – выдатны музыкант і дырыжор, які выступае за паглыбленне культурных і эканамічных кантактаў паміж Венесуэлай і Беларуссю.

Наведванне ўніверсітэта пачалося з перамоў, на якіх была дасягнута дамоўленасць пра падрыхтоўку дакументаў аб супрацоўніцтве паміж нашым універсітэтам і ўніверсітэтам г. Каракаса. Акрамя таго, Херарда Эстрада прапанаваў сваю дапамогу па пашырэнні біяразнастайнасці Зімовага саду праз пастаўку туды саджанцаў і насення экзатычных раслін з Венесуэлы.

Сустрэчу са студэнтамі і работнікамі госць пачаў з аповеду пра гісторыю сваёй краіны, традыцыі і звычаі народа, паказаў відэаролік пра сучасную Венесуэлу.

Студэнты ў поўнай меры скарысталіся магчымасцю з першых вуснаў даведацца аб жыцці венесуэльцаў і аб самім госцю. Студэнцкія абмены і ўдзел у стажыровачных праграмах, віды спорту, папулярныя ў Венесуэле, што агульнага ў жыхароў Беларусі і Венесуэлы, якая беларуская музыка цікавая дыпламату, што з нашай народнай кухні яму падабаецца і многія іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас ажыўленага дыялогу.

Падводзячы вынікі сустрэчы, рэктар універсітэта Г.М. Сендзер падзякавала Херарда Эстрада Марцінесу за цікавае і карыснае выступленне, уручыла памятнае выданне пра Брэст.

Знаходжанне ва ўніверсітэце госць завяршыў наведваннем Зімовага саду, дзе, на яго думку, вельмі арганічна будзе глядзецца фотавыстава «Прырода Венесуэлы», якая зараз знаходзіцца ў Польшчы і будзе прывезена ў Беларусь.

Прэс-служба ўніверсітэта

Поделиться: