У БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася канферэнцыя «Актуальныя праблемы навук пра Зямлю: выкарыстанне прыродных рэсурсаў і захаванне навакольнага асяроддзя»

25–27 верасня 2017 г. на геаграфічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы навук пра Зямлю: выкарыстанне прыродных рэсурсаў і захаванне навакольнага асяроддзя», прысвечаная Году навукі ў Беларусі. Канферэнцыя была арганізавана сумесна з Інстытутам прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам.

Удзельнікаў і гасцей канферэнцыі віталі доктар педагагічных навук, прафесар, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Ганна Мікалаеўна Сендзер, акадэмік, дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Аляксандр Кірылавіч Карабанаў, доктар тэхнічных навук, прафесар, рэктар Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта Пётр Сцяпанавіч Пойта.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 300 навукоўцаў і спецыялістаў з 70 розных арганізацый і ўстаноў, 20 з якіх размешчаны ў Рэспубліцы Беларусь, астатнія – у Расіі, Польшчы, Украіне, Літве, Казахстане, Азербайджане, Арменіі, Канадзе, Егіпце і Іспаніі. Было зроблена больш за 70 дакладаў.

Для гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі была арганізавана экскурсія па горадзе Брэсце і мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама ў нацыянальны парк «Белавежская пушча». Удзельнікі канферэнцыі наведалі біялагічны музей БрДУ імя А.С. Пушкіна, вучэбны кабінет геалогіі геаграфічнага факультэта і Зімовы сад.

Геаграфічны факультэт

Поделиться: