Універсітэцкі конкурс эсэ «Слова – думкі аснова…»

22 лютага ў Асветна-адукацыйным цэнтры імя У.А. Калесніка на філалагічным факультэце адбылося ўручэнне ўзнагарод пераможцам універсітэцкага конкурсу эсэ «Слова – думкі аснова…», прысвечанага Дню роднай мовы. Віншаванне было прымеркавана да завяршэння Тыдня роднай мовы, традыцыйна праведзенага кафедрай беларускай мовы – арганізатарам конкурсу, і стала фінальным акордам свята «Ты будзеш звінець, мая родная мова!». У конкурсе прынялі ўдзел больш як 80 студэнтаў з розных факультэтаў нашага ўніверсітэта – філалагічнага, біялагічнага, фізіка-матэматычнага, юрыдычнага, а таксама факультэтаў замежных моў і фізічнага выхавання.

У творчых працах прагучалі цікавыя і арыгінальныя разважанні прадстаўнікоў маладога пакалення пра ролю і месца беларускай мовы ў сучасным грамадстве, у жыцці чалавека і сістэме нацыянальных каштоўнасцей, пра прыгожае пісьменства як форму самавыражэння творчай асобы, пра творы беларускай літаратуры як факты гісторыі культуры і грамадскай думкі. Адметна асэнсоўвалася ў эсэ і само слова, якое, на думку многіх канкурсантаў, мае выключнае значэнне ў жыцці чалавека, бо можа змяшчаць у сабе цэлы сусвет, перадаючы «разнастайнасць колераў, шматграннасць гукаў, безліч прадметаў і з’яў». Слова дапамагае ладзіць чалавечыя стасункі і сапраўды служыць асновай выражэння думак, светапогляду чалавека. Яно вечнае, як і сам народ, што яго прыдумаў і ўжывае, пакідаючы сваю жыццёвую мудрасць у кнізе – скарбніцы думак і слоў. Таму немагчыма не згадзіцца з меркаваннем аднаго з пераможцаў конкурсу: «Ідуць гады, змяняецца навакольны свет і людзі, будуюцца гарады, высыхаюць рэкі, зіма змяняе восень…, а напісанае застаецца».

Прыемнае ўражанне пакінулі ўсе дасланыя на конкурс працы, і журы было няпроста вызначыцца з пераможцамі. У выніку ж сярод лепшых былі названы эсэ наступных студэнтаў: 1-е месца заняла студэнтка 1 курса філалагічнага факультэта Маркевіч Крысціна, 2-е месца падзялілі студэнткі 2 курса філалагічнага факультэта Макарэвіч Вікторыя і Антановіч Марына, 3-е месца было адзінагалосна аддадзена студэнтцы 1 курса фізіка-матэматычнага факультэта Кузьміч Анастасіі. Віншуем пераможцаў і зычым ім творчых поспехаў і надалей!

Кафедра беларускай філалогіі

Поделиться: