Вучоныя Беларусі і Кітая абмяркавалі пытанні захавання гістарычнай памяці і праблемы краязнаўчых даследаванняў

27–28 сакавіка на гістарычным факультэце БрДУ прайшла рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Беларусі: вывучэнне і захаванне”, прысвечаная 80-годдзю нашага ўніверсітэта. У навуковым мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, навукоўцы Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Аньхойскага ўніверсітэта (Кітай), іншых ўстаноў адукацыі, а таксама арганізацый.

На пасяджэннях канферэнцыі і ў яе кулуарах абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў вывучэння, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны: археалагічныя, этнаграфічныя, краязнаўчыя, культуралагічныя даследаванні, асобныя аспекты вывучэння і захавання гістарычнай памяці. Цікавымі былі даклады, прысвечаныя вывучэнню старажытнага Менска, праблемам краязнаўчых даследаванняў, накіраваных на вывучэнне і захаванне матэрыяльнай і нематэрыяльнай гістарычнай спадчыны.

У рамках працы канферэнцыі адбыўся VIII рэспубліканскі вучэбна-метадычны семінар “Вывучэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны”, прысвечаны 80-годдзю Перамогі. Навукоўцы-гісторыкі падзяліліся са студэнтамі ўласным вопытам даследавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна. У ходзе працы семінара акцэнтавалася ўвага на тым, што кожны чалавек павінен захоўваць гісторыка-культурную спадчыну Бацькаўшчыны.

Гістарычны факультэт
Фота Уладзіміра Хрыстафорава

Поделиться: