-
Университет
224016, Республика Беларусь, г. Брест, бульвар Космонавтов, 21
+375 162 37-00-96 (телефон)
+375 162 21-65-17 (телефон)
+375 162 21-70-53 (факс)
box@brsu.by -
Факультеты
- Абитуриенту
-
Студенту
- Иностранным гражданам
-
Образование
224016, г. Брест, бульвар Космонавтов, 21, кабинет № 217/1
+ 375 162 37-01-27
marzans@brsu.by -
Наука
224016, г. Брест, бульвар Космонавтов, 21, кабинет № 207
+375 162 21-66-86
nis@brsu.by
inovac@brsu.by -
Международная деятельность
224016, г. Брест, бульвар Космонавтов 21, учебный корпус № 1, кабинет № 117
+375 162 21-06-68 (телефон)
+375 29 21-06-115 (мобильный телефон)
int@brsu.by -
Услуги
Зоя Мельнікава: “Трэба вучыцца, цікавіцца, трэба прафесійна дасканаліцца ўсё жыццё”
Новенькі прыгожы падручнік па беларускай літаратуры за дзясяты клас… На форзацы – блакітнае неба, шырокая рака, а вакол лес… Сапраўдная Беларусь. Я нават зараз уяўляю гэты падручнік, старонкі якога падаравалі мне шмат знаёмстваў з творчасцю цудоўных пісьменнікаў. Я ніколі не звяртала ўвагі на аўтарскі калектыў кніг, але пятнаццаць гадоў таму, калі вучылася ў школе, позірк чамусьці ўпаў на прозвішча Мельнікава. Ці магла я тады падумаць, што праз зусім кароткі час пазнаёмлюся з аўтарам на прафарыентацыйным мерапрыемстве, а крыху пазней на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна буду хадзіць тымі ж калідорамі, што і яна. На жаль, Зоя Пятроўна не чытала лекцыі і не вяла практычныя заняткі ў маёй групе, але яе адкрыты позірк і шчырая ўсмешка, якую я бачыла кожны дзень пры сустрэчы ва ўніверсітэце, быццам арыентавалі адказна ставіцца да вучобы. Сёння я таксама працую ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. З вялікім задавальненнем задала Зоі Пятроўне некалькі пытанняў у межах праекта “БрГУ-80: страницы истории в лицах” да яе 70-гадовага юбілею.
– Зоя Пятроўна, ва ўніверсітэце Вас ведаюць як доктара філалагічных навук, прафесара, аўтара падручнікаў, кіраўніка навуковай школы. Цікава даведацца пра Ваша дзяцінства.
– Маё дзяцінства прайшло на Бягомльшчыне, у вёсцы Навасёлкі, – зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці. Сёння разумею, што гэта быў няпросты пасляваенны час. Мой тата, Праліч Пётр Венідзіктавіч, зусім юнаком прайшоў вайну. Служыў тэрміновую службу ў Беластоку, адступаў з баямі, выходзіў з акружэння, трапіў у канцлагер у Мінску, быў партызанам, пасля вызвалення Беларусі – франтавіком. З цяжкім раненнем пад Кенігсбергам сустракаў перамогу ў шпіталі ў Туле ва ўзросце няпоўных дваццаці пяці год. Пасля тата быў трактарыстам, мама працавала ў калгасе даяркаю, паляводам. Потым бацькі пераехалі ў Барысаўскі раён Мінскай вобласці і працавалі ў саўгасе-камбінаце “Барысаўскі”. Жылі ў вёсцы Лошніца.
– Як вызначыўся Ваш прафесійны лёс?
– У мяне было тры мары – стаць будаўніком, аграномам, педагогам. Ад першых дзвюх прафесій адгаварыў тата. Ён казаў: “Будаўнік – гэта цяжкая мужчынская работа” ці “Аграномам трэба хадзіць па палях у гумовых ботах”. Праца педагога, настаўніка заўсёды шанавалася сярод людзей, і ў нашай сям’і таксама. Мяне яна вабіла яшчэ і таму, што мая першая настаўніца Ганна Мікалаеўна Камінская была маладой, прыгожай, разумнай і клапатлівай. І, калі я закончыла восем класаў Дармантоўскай школы Докшыцкага раёна, мама завезла мяне, зусім юную пятнаццацігадовую дзяўчынку, у Полацкае педагагічнае вучылішча імя Ф. Скарыны. Я паспяхова здала ўступныя экзамены і стала вучыцца ў слынным, старажытным горадзе.
Я вельмі ўдзячна педагогам з Полацка. Настаўнікі заахвочвалі нас, вясковых і гарадскіх дзяцей, не спыняць сваёй адукацыі, давалі парады вучыцца далей. Памятаю словы выкладчыцы Ядвігі Іванаўны Пацэй: “Не думайце, што з завяршэннем адукацыі ў нашым педвучылішчы Вы ўжо адукаваліся канчаткова. Педагогу трэба вучыцца ўсё жыццё”. Гэтыя словы я праношу праз усё сваё жыццё і гэты запавет перадаю сваім студэнтам. Трэба вучыцца, не спыняцца, трэба прафесійна дасканаліцца ўсё жыццё, калі ты хочаш быць цікавым і патрэбным людзям, – гэта маё галоўнае правіла, галоўны пасыл сённяшняй студэнцкай моладзі.
– Полацкае педагагічнае вучылішча было толькі першай прыступкай на Вашым прафесійным шляху. Вы атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі доктарам філалагічных навук, прафесарам.
– Пасля заканчэння вучылішча я выйшла замуж, нарадзіла дачку. Пры гэтым марыла пра вышэйшую адукацыю, таму, калыхаючы дачушку, рыхтавалася да паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінск. Я была самаўпэўнена пераканана, што паступлю: мне здавалася, што я ўсё ведала... Вучылася па спецыяльнасці “Беларуская і руская мова і літаратура”. Тэма маёй дыпломнай працы была звязана з вывучэннем замежнай літаратуры ў пазакласным чытанні. Праца была высока ацэнена. Старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, вядомы вучоны з Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віктар Антонавіч Каваленка запытаў: “Можа б Вы паступілі ў аспірантуру?” Шчыра скажу, што на той час я амаль і не ведала, што такое аспірантура. Гэта пытанне мяне крыху збянтэжыла, але мае сяброўкі сказалі: “Зоя, ты ж разумная, хіба не напішаш дысертацыю?” Я пачала рыхтавацца, здала экзамены і паступіла ў аспірантуру. Сёння разумею: гэта было шчасцем трапіць у калектыў высокаадукаваных людзей, інтэлектуалаў і гуманітарыяў Нацыянальнай акадэміі навук.
Магчыма, мы не задумваемся над тым, што многімі сваімі набыткамі і поспехамі мы абавязаны менавіта настаўніку. Я вельмі ўдзячная сваім акадэмічным настаўнікам: шчырыя, сардэчныя, яны так ці інакш суправаджалі мяне ў жыцці сваёй зычлівасцю, парадамі, верай у поспехі. Яны ўплывалі на мой светапогляд і лёс. Маім навуковым кіраўніком быў акадэмік Віктар Антонавіч Каваленка. Дарагімі, шаноўнымі і патрабавальнымі настаўнікамі, а пазней шчырымі дарадцамі, кансультантамі і старэйшымі сябрамі сталі член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Іосіфавіч Мушынскі, акадэмік Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў, знакамітыя літаратуразнаўцы-гуманітарыі Алесь Сямёнавіч Яскевіч, Адам Іосіфавіч Мальдзіс, Васіль Пракопавіч Жураўлёў, Генадзь Васільевіч Кісялёў, Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук... Я шчаслівая, што ў маім жыцці былі (і застаюцца назаўсёды) гэтыя людзі, што я мела магчымасць кансультавацца, размаўляць з імі, што нам, маладым аспірантам, усміхаўся абаяльны Алесь Адамовіч і, здаецца, пранікліва ўзіраўся ў кожнага, быццам ўзважваючы: ну, на што вы здольныя, творчая моладзь?.. У аспіранцкія гады пашчасціла пазнаёміцца з Янкам Брылём, быць на сустрэчах з Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, слухаць нашых нацыянальных геніяў. Дзякуючы гэтым людзям, я адчула сваё пакліканне літаратурай, навуковымі даследаваннямі, пазнаннем нашай культуры.
– Першыя крокі ў прафесію Вы рабілі на поўначы Беларусі і ў цэнтральным рэгіёне краіны. Але ўсё Ваша прафесійнае жыццё звязана з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна. Як Вы трапілі на працу ў Брэст?
– Мне шчасціла і далей. У канцы 1984 года Уладзімір Андрэевіч Калеснік запрасіў мяне на працу ў Брэсцкі дзяржаўны інстытут імя А.С. Пушкіна. На кафедру, якой ён кіраваў, патрэбен быў кваліфікаваны спецыяліст з гатовай кандыдацкай дысертацыяй і з вопытам працы ў школе. Адам Іосіфавіч Мальдзіс парэкамендаваў Уладзіміру Калесніку мяне. Так з самага пачатку 1985 года я стала выкладчыкам тады яшчэ Брэсцкага педінстытута.
У 1986 годзе ў Мінску, у НАН Беларусі, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Працуючы пад кіраўніцтвам Уладзіміра Андрэевіча і побач з такімі таленавітымі выкладчыкамі, як Вера Якаўлеўна Зарэцкая-Ляшук, Аляксей Антонавіч Майсейчык, Уладзімір Ануфрыевіч Лебедзеў, Цімафей Барысавіч Ліякумовіч і іншыя, я не ўяўляла, што можна проста працаваць і не ўдасканальвацца, не расці далей. Уладзімір Калеснік кожны раз у пачатку верасня задаваў пытанне: “Над чым, Зоенька, працавала летам?” Сорамна было сказаць, што летам уся мая ўвага была аддадзена сям’і, што я не займалася нейкай навуковай ці вучэбна-метадычнай працай. Такая ўвага да мяне з яго боку і з боку маіх акадэмічных настаўнікаў, якія раз-пораз нагадвалі мне пра дактарантуру, канешне, абавязвала да многага.
У канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя на філалагічны факультэт з Мінска прыехаў працаваць вядомы вучоны – доктар філалагічных навук, прафесар Мікола Іванавіч Мішчанчук. Таленавіты вучоны, паэт, ён таксама падтрымліваў мае навуковыя пошукі, публікацыі. Настаў момант, калі я вырашыла, што павінна апраўдаць давер і спадзяванні настаўнікаў і калег на маю навуковую годнасць. Самастойна напісала доктарскую дысертацыю, без вучобы ў доктарантуры. Маё даследаванне высока ацанілі акадэмічныя вучоныя. Хачу сказаць словы падзякі сваім брэсцкім калегам, кіраўнікам, якія спрыялі і таксама верылі ў мяне, – тагачаснаму рэктару Уладзіміру Анесціевічу Плецюхову, які даў мне стажыроўку на цэлы семестр для дапрацоўкі дысертацыі і яе абароны, прафесару Ганне Мікалаеўне Сендзер. Хочацца ўшанаваць светлую памяць Мечыслава Эдвардавіча Часноўскага, які быў рады маім поспехам.
Пасля абароны доктарскай дысертацыі я займала пасады дэкана філалагічнага факультэта, загадчыка кафедры беларускага літаратуразнаўства. Зараз працую прафесарам кафедры беларускага і рускага літаратуразнаўства і журналістыкі.
– Раскажыце, калі ласка, пра сваю навуковую школу.
– Дасягнуўшы ўласных навуковых вяршынь, вучоны павінен весці за сабой маладзейшых, таленавітых і працаздольных. Ва ўніверсітэце была адкрыта аспірантура па беларускай літаратуры. Зацікаўленасць беларускім літаратуразнаўствам выказвалі многія студэнты і выпускнікі факультэта. Усяго пад маім кіраўніцтвам абаронена пяць дысертацый. Першай аспіранткай, якая бліскуча абараніла падрыхтаваную намі кандыдацкую дысертацыю, была Вольга Мікалаеўна Кавальчук. Пазней пад маім кіраўніцтвам абараніла дысертацыю Людміла Міхайлаўна Садко. Сёння яны – дацэнты кафедры беларускага і рускага літаратуразнаўства і журналістыкі, любімыя выкладчыкі многіх студэнтаў і выпускнікоў філфака. Я ганаруся імі, захапляюся іх працаздольнасцю, выхаванасцю і чалавечай прыгажосцю.
Па кансультацыі і парады да мяне звяртаюцца маладыя вучоныя з іншых вышэйшых навучальных устаноў. Зусім нядаўна ў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі была зацверджана дысертацыя маёй аспіранткі з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святланы Мікалаеўны Тарасавай. Пад маім кіраўніцтвам падрыхтаваны кандыдат філалагічных навук Вольга Аляксандраўна Буднік, сёння – дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Самы малады з маіх вучняў – выпускнік аспірантуры нашага ўніверсітэта Антон Станіслававіч Папоў. У гэтым годзе ён паспяхова абараніў дысертацыю па творчасці Алеся Адамовіча, яна ўжо зацверджана ў ВАКу. У прэзідыуме ВАКа дысертацыя Антона была адзначана як адна з лепшых дысертацый па беларускім літаратуразнаўстве.
Навуковая школа складаецца з вялікай, паспяховай і выніковай працы кіраўніка-настаўніка і яго маладых навукоўцаў. Я чакаю новых здзяйсненняў і дасягненняў ад маіх дарагіх вучняў-дацэнтаў, чакаю іх наступных дысертацый, іх кніг, змястоўных публікацый.
Мне хораша азірацца назад, добра сёння працаваць на факультэце, дзе большасць выкладчыкаў – мае былыя студэнты. Разам з імі мы зрабілі вельмі многа карысных спраў, праводзім мноства форумаў, канферэнцый, сустрэч, годна ўшаноўваем памяць і шматгадовую асветніцка-педагагічную дзейнасць нашых папярэднікаў – У.А. Калесніка, В.Я. Зарэцкай-Ляшук, Г.М. Малажай, А.А. Майсейчыка і іншых.
Навуковая праца неадрыўна звязана з выхаваўчым працэсам, таму я і мае калегі вельмі многа ўвагі надаём фарміраванню грамадзянскасці, патрыятызму, прафесійнай глыбіні, дасведчанасці нашых студэнтаў. Мы разумеем, што ў будучым яны павінны працягваць місію беларускага асветніцтва.
– Выкладчыкі філалагічнага факультэта з’яўляюцца аўтарамі падручнікаў па беларускай літаратуры. Раскажыце, калі ласка, пра гэты вопыт.
– Стварэнню падручнікаў па беларускай літаратуры было прысвечана многа жыццёвай энергіі, часу, працы. У 90-я гады пад кіраўніцтвам Веры Якаўлеўны Зарэцкай мы пачалі ствараць комплекс падручнікаў па беларускай літаратуры для школ Беларусі. Па даручэнні Міністэрства адукацыі мы распрацавалі праграмы і напісалі падручнікі для ўсіх класаў школ Беларусі – ад чацвёртага да выпускнога. Гэта была складаная, адказная і разам з тым натхняльная праца: нашы падручнікі тысячамі настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў былі прызнаны лепшымі, па іх з цікавасцю і задавальненнем беларускія школьнікі спасцігалі лепшыя творы роднай літаратуры. Набыты ад старэйшых калег вопыт дапамагаў пазней, калі кіраўніком калектыву па стварэнні падручнікаў стала я. Вельмі ўдзячная калегам – Галіне Мікалаеўне Ішчанка, Уладзіміру Адамавічу Сенькаўцу, Валянціну Мікалаевічу Смалю, Алене Сцяпанаўне Кавалюк, Святлане Мікалаеўне Шчэрбе, Людміле Міхайлаўне Садко. Яны таксама сталі аўтарамі падручнікаў, па якіх сёння вывучаюць беларускую літаратуру адзінаццацікласнікі ўсіх школ Беларусі.
– Зоя Пятроўна, у Вас багаты педагагічны вопыт. На Вашу думку, студэнты розных пакаленняў адрозніваюцца?
– Мой прафесійны вопыт дазваляе параўноўваць студэнтаў мінулых дзесяцігоддзяў і сучасную студэнцкую моладзь. У мінулыя гады студэнты былі больш зматываваныя прафесійна. Сённяшнія студэнты іншыя. З’явіліся новыя тэхналогіі, новыя крыніцы інфармацыі, мяняюцца адукацыйныя праграмы. Але пры ўсіх зменах ёсць пэўнае ядро адукацыйнага, выхаваўчага працэсу, якое застаецца нязменным. Выкладаючы гуманітарныя філалагічныя дысцыпліны, мы даём найперш прафесійныя веды, арыентуем маладых людзей на працу з сучаснымі дзецьмі. Аднак вельмі важна сфарміраваць педагога, асобу, патрыёта і грамадзяніна, які зможа перадаць маральна-філасофскія, культурныя каштоўнасці, прафесійныя матывацыі наступным пакаленням вучняў, моладзі.
Працаваць з сучаснай моладдзю складана і цікава. Часам і навучышся чаму-небудзь у маладых. Увогуле ў працэсе навучання ідзе абмен вопытам. Мне ўсё цікава з жыцця сённяшніх студэнтаў. Я таксама часам асмельваюся ім расказваць пра важнае для мяне і карыснае для іх: пра свайго рэпрэсаванага дзядулю, якога я ніколі не бачыла, пра выдатных людзей, пісьменнікаў, з кім сустракалася, сябравала, пра асабісты жыццёвы досвед... Бачу, што іх гэта кранае. Мяне вельмі задавальняе, што наша філалагічная моладзь ахвотна ідзе ў навуку.
– У Вас вельмі насычаная прафесійная дзейнасць. Дайце, калі ласка, парады сучаснай моладзі, як усё паспяваць.
– Калі чалавек хоча ўсё паспець, то ён паспее. Ён сплануе свой дзень і час, каб паспяваць. Напрыклад, у другім дэкрэце, нарадзіўшы сына Андрэя, я не затрымалася. Калі скончыўся бальнічны, Уладзімір Андрэевіч Калеснік пазваў на працу. Спланаваў нагрузку так, каб гэта былі заняткі з завочнікамі, якія прыязджалі толькі на сесію. Вечарам, паклаўшы сям’ю спаць, я садзілася за пісьмовы стол і начамі распрацоўвала лекцыі. Была маладая, зматываваная, таму хапала сіл і часу. Калі чалавеку падабаецца тое, чым ён займаецца, то гэта прыносіць не столькі стому, колькі асалоду.
– Зоя Пятроўна, студэнты адзначаюць, што Вы вельмі актыўны, творчы чалавек. Час на асабістыя справы знайсці атрымліваецца?
– Кожнае лета я рыхтую дапаможнікі, курсы лекцый для студэнтаў. Мае калегі, асабліва малодшыя, Алена Сцяпанаўна Кавалюк, Святлана Мікалаеўна Шчэрба, адзначаюць, што стараюцца раўняцца на мяне. Акрамя таго, я кірую працай двух навуковых калектываў, у якія ўваходзяць мае малодшыя калегі, аспіранты, студэнты. Мы распрацоўваем новыя фундаментальныя навуковыя накірункі па філалогіі і гуманітарыстыцы, выконваем заданні Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. Гэта – сведчанне высокага даверу да брэсцкіх філолагаў, да маёй навуковай школы. Сапраўды, свой адпачынак не ўяўляю без чытання, вывучэння новага, без навуковай працы.
У мяне ёсць летнік – вырошчваю ў цяпліцы памідоры, агуркі. Вырас сад, які я клапатліва даглядаю, заахвочваю сваіх дзяцей і ўнукаў любіць працу, дрэвы, расліны... У гэтым выяўляецца мая сялянская беларуская душа. Хочацца перадаць любоў да працы на зямлі, пачуццё гаспадара сваім нашчадкам, якія застануцца пасля мяне. Душа мая будзе засмучана, калі яны раптам стануць “дзецьмі асфальту” і страцяць патрэбу ў адвечна беларускім – у любові да роднай зямлі, у пашане працы на ёй.
Я шчаслівая маці і бабуля. У мяне добрая сям’я – дарослыя дачка і сын, а ў іх свае сем’і. У мяне дарослая ўнучка Юля, якая закончыла філфак і магістратуру, унукі Міця і Міхалка вучацца ў школе, у сёмым і пятым класах, васьмімесячны праўнук Янка – новыя эмоцыі, вялікае спадзяванне на будучыню, на высокі і сапраўдны сэнс жыцця... Сустрэчы з імі, гаворкі, спрэчкі – шчаслівыя моманты майго асабістага жыцця.
Зоя Мельнікава – прыклад для ўсіх пакаленняў настаўнікаў. Яе педагагічная і навуковая праца высока ацэнена на розных узроўнях. Зоя Пятроўна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, шматлікімі ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага аблвыканкама, універсітэта. Калектыў БрДУ імя А.С. Пушкіна віншуе Зою Мельнікаву з юбілеем з пажаданнямі здароўя, шчасця, новых поспехаў і добрых студэнтаў!
Юлія Воўк
Фота з архіва БрДУ