Прафесар Аляксандр Комлеў прачытаў цыкл лекцый у БрДУ імя А.С. Пушкіна

З 4 па 8 мая 2015 года студэнты 3 і 4 курсаў спецыяльнасці «Геаграфія» наведвалі лекцыі цыкла «Марфасістэмы Зямлі. Эколага-геамарфалагічны аналіз басейнавых сістэм рэльефу. Рэльеф Украінскага і Беларускага Палесся» прафесара кафедры землязнаўства і геамарфалогіі геаграфічнага факультэта Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі (Украіна) доктара геаграфічных навук (па спецыяльнасці геамарфалогія і палеагеаграфія), прафесара Аляксандра Аляксандравіча Комлева.

У сваіх лекцыях прафесар А.А. Комлеў закранаў пытанні станаўлення геамарфалогіі. Вялікая ўвага была ўдзелена актуальным праблемам геамарфалогіі і асноўным шляхам развіцця гэтай навукі. Лекцыі суправаджаліся дэманстрацыяй аўтарскіх карт і схем, створаных у працэсе вывучэння рэльефу тэрыторыі Украіны. Тэматыка лекцый выклікала цікавасць у нашых студэнтаў.

Гэта быў першы візіт прафесара А.А. Комлева ў наш горад. У час знаходжання ў Брэсце ён меў магчымасць пазнаёміцца са славутасцямі нашага горада і яго ваколіц. У праграму знаходжання былі ўключаны экскурсія па цэнтральнай частцы г. Брэста і мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама наведванне Белавежскай пушчы.

І.В. Абрамава

 

Даведка

Аляксандр Аляксандравіч Комлеў ў 1975 г. скончыў геаграфічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі па спецыяльнасці «Геаграфія, геамарфалогія». У 1988 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Меза-кайназойскі далінны марфалітагенез паўночна-заходняй часткі Украінскага шчыта і яго ўплыў на ўтварэнне россыпаў». У 2006 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Гісторыка-дынамічныя геамарфасістэмы геамарфалагічных фармацый Украінскага шчыта». Вучонае званне прафесара кафедры землязнаўства і геамарфалогіі прысвоена ў 2011 г.

Поделиться: